Да 12 гадоў пагражае расіяніну, абвінавачанаму ў РБ у распальванні варожасці
Справу расіяніна будзе разглядаць Мінскі гарадскі суд
Пракуратура Беларусі паведаміла пра перадачу ў суд крымінальнай справы ў дачыненні да "21-гадовага грамадзяніна Расійскай Федэрацыі. Д.".
Яму інкрымінуюць два артыкулы крымінальнага кодэксу: распальванне групай асоб сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт. 130) і заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт (ч. 3 арт. 361). Максімальная санкцыя па гэтым артыкуле — да 12 і да 7 гадоў зняволення адпаведна.
"Згодна з матэрыяламі справы, Д. з 19 студзеня па 21 траўня 2021 года з дапамогай камп'ютарнай тэхнікі ў адным з Telegram-чатаў з мэтай нагнятання напружанасці і канфліктнасці ў грамадстве і дзяржаве размясціў не менш за 55 агучаных ім галасавых паведамленняў пабуджальнага характару", — расказалі ў пракуратуры.
Нагадаем ў траўні (праўда, 5-га) быў затрыманы расійскі грамадзянін Ягор Дуднікаў, які агучваў ролікі для аднаго з telegram-каналаў.
Першапачаткова яго абвінавачвалі ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Дуднікаў — кухар па прафесіі, але падпрацоўваў аматарскай агучкай мультфільмаў, анімэ і рэкламных ролікаў. "Гэта тое самае, што пасадзіць у турму таксіста за тое, што ён падвёз апазіцыянера", — казаў у траўні ягоны адвакат Антон Гашынскі.
Пазней стала вядома, што пры затрыманні Дуднікава збівалі. У СІЗА КДБ ён некаторы час сядзеў у адной камеры з Віктарам Бабарыкам і Рыгорам Кастусёвым. Праваабаронцы прызналі Дуднікава палітвязнем.
У пракуратуры паведамілі, што крымінальная справа ў дачыненні да Д. перададзеная ў Мінскі гарадскі суд. Меру стрымання ў дачыненні да яго пакінулі ранейшай. Д. знаходзіцца пад вартай.