20-гадоваму расіяніну пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі за агучку ролікаў

У СІЗА КДБ акрамя Сафіі Сапега знаходзіцца яшчэ адзін грамадзянін Расіі — 20-гадовы Ягор Дуднікаў. Яго абвінавачваюць у арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, за тое, што той агучваў ролікі для апазіцыі.
Яго адвакат Антон Гашынскі распавёў BBC, што ён уступіў у справу 14 траўня, але дагэтуль не можа патрапіць да свайго падабароннага:
— Гэта тое ж самае, што пасадзіць у турму таксіста за тое, што ён падвёз апазіцыянера. Ён чыста тэхнічны работнік, займаўся агучка ролікаў, якія рабіла апазіцыя пасля жнівеньскіх пратэстаў 2020 года.
Расіяніну пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Ягор — повар, але падпрацоўваў аматарскай агучкай мультфільмаў, анімэ і рэкламных ролікаў. Хлопец з 5 траўня знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
— Толькі адзін ліст прыйшоў ад яго, хоць мы яму ўжо, напэўна, дзясятак адправілі, — распавяла праваабаронцам "Вясны" 29 траўня мама маладога чалавека.
Ягора Дуднікава ўжо затрымлівалі ў кастрычніку мінулага года. Па словах яго мамы, тады ён заступіўся за дзіця, якога хацелі затрымаць. Тады Ягору ўдалося пазбегнуць арышту, таму што, "калі яго сталі біць [супрацоўнікі], яму стала дрэнна з сэрцам і яго адвезлі ў бальніцу".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.