Ці лёгка падлетку ўладкавацца на працу? Як гэта зрабіць, калі няма 18 гадоў
Ці лёгка падлетку ўладкавацца на працу
Падлеткам у Беларусі дазволілі працаваць кухарамі і друкарамі. Цяпер у пераліку ад Мінпрацы для іх ёсць больш за 160 розных працаў. У будучыні гэтую колькасць плануюць яшчэ павялічыць.
Еўрарадыё пагартала законы і расказвае, як афіцыйна ўладкавацца на працу ў Беларусі, калі вам няма 18 гадоў.
Ці можна наогул працаваць?
У Беларусі афіцыйнае працаўладкаванне няпоўнагадовых магчымае з 16 гадоў, але можна падпрацоўваць і раней: падлеткі з 14 гадоў могуць працаваць у вольны ад навучання час з пісьмовай згоды аднаго з бацькоў.
На працу возьмуць толькі тых, хто прайшоў афіцыйны медыцынскі агляд, а калі праца не пасуе паводле стану здароўя, то ў заключэнні дагавора адмовяць.