Чыноўнік з Пухавіцкага раёна дапамог знаёмаму атрымаць участак без чаргі

Упраўленне Следчага камітэта па Мінскай вобласці расследуе крымінальную справу ў дачыненні намесніка старшыні Пухавіцкага райвыканкама, якога падазраюць у карупцыі. Згодна з папярэднімі вынікамі расследавання, летась да чыноўніка звярнуўся 44-гадовы жыхар Мар’інай Горкі, якому спатрэбіўся ўчастак для будаўніцтва дома. Намеснік старшыні райвыканкаму “прасунуў” яго ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоваў і паспрыяў, каб мясцовыя ўлады прынялі рашэнне на карысць знаёмага.

Праваахоўнікі правялі ў рамках расследавання справы ўсе неабходныя следчыя дзеянні — дапыталі супрацоўнікаў райвыканкама, па месцы працы падазраванага правялі агляд, а па месцы жыхарства — вобшук. Канфіскаваная дакументацыя, згодна з якой быў выдзелены зямельны ўчастак.

Дзеянні службовай асобы кваліфікаваныя як злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, перадае БелаПАН.

Фота з ахіву