Звязана гэта з тым, што пасля ўвядзення санкцый на расійскую нафту пашырыўся дысконт паміж расійскай і сусветнай нафтай. Беларусь вельмі танна купляла нафту ў Расіі, пасля чаго прадавала на сусветныя рынкі, у прынцыпе, па нармальных цэнах.
Дысконт з сусветнымі коштамі стаў шырэйшым, але не так каб істотна. І вось гэтая дадатковая выгада за 2022-2023 гады ў сярэднім перавышала 1,7-1,8 мільярда долараў за год для беларускіх НПЗ.
У 2024 годзе гэтая выгада зменшылася амаль у два разы (ці амаль на мільярд долараў). Гэта здарылася, таму што паменшыўся дысконт расійскага кошту нафты Urals. Адпаведна, сусветныя і беларускія вытворцы пачалі купляць нафту даражэйшую адносна кошту продажу нафтапрадуктаў.
Калі выдаткі растуць, а кампенсаваць іх на ўнутраным рынку нельга праз жорсткае рэгуляванне і нізкія кошты, фінансавы стан беларускіх НПЗ заўважна пагаршаецца.
Хутчэй за ўсё менавіта таму ўлады былі змушаны даволі істотна падняць кошты на бензін і іншае паліва ў Беларусі вясною 2025 года.
Цяпер сітуацыя крыху стабілізавалася, але аб'ёмы паставак нафтапрадуктаў з Беларусі ўсё яшчэ нізкія.