Чацвёра вяскоўцаў з нажамі аднялі ў бабулі 8 бутэлек гарэлкі
Здарэнне адблылося ў вёсцы Малыя Віктаровічы на Століншчыне ўночы на 24 жніўня.
У тую ж ноч 78-гадовая пенсіянерка звярнулася ў міліцыю. З яе словаў, у яе дом уварваліся чацвёра мужчын. Пагражаючы нажамі, яны забралі ў яе 1,8 мільёнаў рублёў і 8 бутэлек гарэлкі.
Як паведамляе прэс-служба Брэсцкай абласной міліцыі, нападнікі затрыманыя. Імі аказаліся аднавяскоўцы пацярпелай. Старэйшаму з іх 20 гадоў.
У маладых людзей канфіскавалі 2 нажы, а таксама частку скрадзенага. На момант затрымання ў іх засталося толькі 15 тысячаў рублёў і адна бутэлька гарэлкі.
У дачыненні да рабаўнікоў распачатая крымінальная справа. За разбой ім пагражае да 15 год пазбаўлення волі.