ЦАХАЛ заявіў пра знішчэнне дзясяткаў пускавых установак ракет у Іране

Ізраільскі сцяг

Ізраільскі сцяг / Deccan Herald

ЦАХАЛ заявіў, што быў нанесены ўдар па ракетных пускавых устаноўках у Іране. У заяве арміі Ізраіля гаворыцца, што ў пятніцу знішчальнікі здзейснілі серыю ўдараў па ракетах класа "зямля-зямля".

Паводле заявы ЦАХАЛ, былі знішчаныя дзясяткі пускавых установак, складоў ракет ды іншыя ваенныя аб'екты. Таксама сцвярджаецца, быццам на адным з аб'ектаў пускавы механізм быў умантаваны ў грузавыя кантэйнеры.

Аперацыя, якую Ізраіль пачаў супраць Ірана, павінна заняць 14 дзён. Пра гэта піша  The Wall Street Journal са спасылкай на высокапастаўленага ізраільскага чыноўніка.

У ноч на 13 чэрвеня ізраільскія войскі нанеслі ўдар па Іране. Мэтай удару называліся ядзерныя аб'екты. Пазней стала вядома, што адным з атакаваных аб'ектаў стаў падземны комплекс па ўзбагачэнні ўрану ў Натанзе. СМІ інфармуюць, што там адбыўся выкід радыяцыі.

Таксама паведамлялася пра гібель 20 высокапастаўленых камандзіраў ірана і не менш як шасці навукоўцаў-ядзершчыкаў.

Адным з наступстваў ізраільскай ваеннай аперацыі стаў рост цэн на нафту на сусветным рынку — да 78 долараў за барэль. 

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у каментары Wall Street Journal заявіў, што ён і яго каманда загадзя ведалі пра планы Ізраіля атакаваць Іран. Ізраільскую аперацыю Трамп назваў "вельмі паспяховай атакай, мякка кажучы".

Дзеянні Ізраіля падтрымаў таксама прэзідэнт Францыі. Эманюэль Макрон заявіў, што Францыя прызнае права Ізраіля на самаабарону.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.