Ад ізраільскага ўдару загінула 20 высокапастаўленых іранскіх камандзіраў

Пасля ізраільскай атакі па Тэгеране / EPA-TASS
У выніку ізраільскай атакі ў Іране загінулі 20 высокапастаўленых камандзіраў, паведамляе Бі-Бі-Сі.
Інфармагенцтва Reuters са спасылкай на ўласныя крыніцы ўдакладняе, што сярод загінулых аказаўся не толькі кіраўнік Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) Ірана Хасейн Саламі, але таксама і камандуючы ВПС КВІР Амір-Алі Хаджызадэ.
Раней паведамлялася таксама пра гібель начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Ірана Махамада Багеры і камандуючага базай СПА КВІР "Хатам аль-Анбія" Галама Алі Рашыда.
Таксама ёсць звесткі пра гібель прынамсі шасці навукоўцаў-ядзершчыкаў, якія маюць дачыненне да ядзернай праграмы Ірана.
Ізраіль нанёс удар па Іране ў ноч на 13 чэрвеня. Асноўныя цэлямі атакі былі вызначаныя ядзерныя аб'екты краіны.
Паведамляецца, што аперацыя рыхтавалася некалькі месяцаў. У гэтым была задзейнічаная разведка Ізраіля.
Атрады спецназа "Масада" размясцілі высокадакладныя зброевыя сістэмы на адкрытай мясцовасці каля батарэй СПА. У ноч атакі іх актывізавалі дыстанцыйна, і яны расчысцілі дарогу ізраільскім самалётам, якія ляцелі бамбіць аб'екты ў Іране.
Частку аб'ектаў іранскай абароны Ізраіль знішчыў ударнымі сістэмамі, "таемна размешчанымі на транспартных сродках". Па апісанні гэта нагадвае ўкраінскую спецаперацыю "Павуцінне", падчас якой былі знішчаныя і пашкоджаныя некалькі дзясяткаў расійскіх самалётаў.
Таксама агенты "Масада" стварылі базу ўдарных дронаў каля Тэгерана. У ноч атакі з яе нанеслі ўдар па пускавых устаноўках ракет "зямля-зямля" на адной з іранскіх базаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.