Брэстаўчаніна падазраюць у забойстве роднага брата і яго жонкі

У Брэсце затрымалі 47-гадовага мужчыну, якога падазраюць у забойстве роднага брата і яго жонкі.

Як паведамляе БелаПАН, цела мужа і жонкі, якія жылі ў Брэсце, былі выяўленыя 4 траўня. Яны былі закапаныя на глыбіні 80 см у гаспадарчай пабудове каля свайго прыватнага дома. 48-гадовы муж і 36-гадовая жонка лічыліся зніклымі без вестак з 1 жніўня 2014 года. З заявай у міліцыю пра іх вышук звярнулася сястра зніклай.

Следства выявіла, што са зніклым мужчынам часта сварыўся яго родны брат, які пражываў з імі ў адным доме. Ён расказаў праваахоўнікам, што на пачатку жніўня 2014 года падчас чарговай сваркі стукнуў брата рабром металічнай батарэі, і той памёр. Потым мужчына рукамі задушыў братаву жонку. Абодва целы ён закапаў ў хляве каля дома.

На брэстаўчаніна пачалі крымінальную справу за забойства. Яго ўзялі пад варту, цяпер з ім працуюць следчыя.

Фота — shoker.org