Брэсцкія футбалісты пратэставалі, матч з БАТЭ пачаўся на 10 хвілін пазней
Гульня 5-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе прайшла ў нядзелю, 27 красавіка.
Гаспадары поля, футбалісты брэсцкага "Дынама", зладзілі акцыю пратэсту, спрабуючы прыцягнуць увагу да сваіх праблем — у гэтым сезоне каманда яшчэ не атрымлівала заробку. Таму матч пачаўся на 10 хвілін пазней.
Заўзятары "Дынама" падтрымалі сваю каманду і скандавалі, звяртаючыся да кіраўніка вобласці: "Сумар, дай камандзе грошай". Такія скандаванні паўтараліся на працягу гульні, прычым да брэсцкіх фанатаў далучыліся і барысаўскія, інфармуе БелаПАН.
Матч, дарэчы, выйграў БАТЭ з лікам 4:0.
"Затрымка матча — гэта як крык, як сігнал. Крыўдна не тое, што людзі не атрымліваюць [заробку], а тое, што не відаць святла ў канцы тунэля. Гэта сумеснае рашэнне з футбалістамі. Гэта не маленне, хочам, каб нас пачулі. Калі нам у твар кажуць, што грошай няма і не будзе, я тады задумваюся: "Ці патрэбныя мы хоць камусьці?" — цытуе словы галоўнага трэнера "Дынама" Сяргея Кавальчука "Прессбол".