Брэсцкага журналіста асудзілі на 10 гадоў, абвінаваціўшы ў "здрадзе дзяржаве"

Даніл Палянскі

Даніл Палянскі / фота з асабістага архіва

Брэсцкі абласны суд прысудзіў 10 гадоў пазбаўлення волі журналісту-фрылансеру Данілу Палянскаму. Прысуд быў вынесены 25 ліпеня, але вядома пра яго стала толькі цяпер.

Як паведамляе прэс-служба БАЖ, суд праходзіў у закрытым рэжыме. Таму ў чым канкрэтна вінавацілі брэсцкага журналіста, застаецца няясным.

Журналіста прызналі вінаватым у "здрадзе дзяржаве" (ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса). Акрамя пазбаўлення волі журналіст таксама быў аштрафаваны на 500 базавых велічыняў — на сёння гэта 21 000 рублёў (прыблізна 7135 долараў).

Паведамляецца, што Палянскага затрымалі хутчэй за ўсё 19 верасня 2024 года пасля вяртання на радзіму з Расіі. Дакладная дата невядомая.

Да сваякоў у Расію мужчына ездзіў на пачатку верасня. У дарозе ў яго здарыўся інцыдэнт з расійскімі сілавікамі. Аўтамабіль Палянскага спынілі супрацоўнікі расійскай ФСБ і пазней звінавацілі ў адміністрацыйным парушэнні за непадпарадкаванне — нібыта ён адмовіўся паказваць дакументы. Сам Палянскі расказваў знаёмым, што яго пашпарт на той момант быў у руках у расійскага сілавіка.

Пасля вяртання ў Брэст Палянскага затрымалі супрацоўнікі КДБ.

Данілу Палянскаму 54 гады. Як відэааператар ён сваім часам супрацоўнічаў з дзяржаўнымі і камерцыйнымі тэлеканаламі, а таксама з незалежнымі рэгіянальнымі сайтамі. Апошнія гады быў вядомы ў Брэсце як валанцёр пошукава-выратавальнага атрада "Анёл".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.