Белы дом уводзіць для Кітая пошліны ў 104% з серады

Белы дом, ілюстрацыйнае фота
Кітайскія тавары ў ЗША будуць абкладацца пошлінамі ў 104%. Такія санкцыі набудуць моц апоўначы 9 красавіка паводле амерыканскага часу. Пра гэта на брыфінгу паведаміла прэс-сакратарка Белага дома Кэралайн Левіт, перадаюць Reuters і CNN.
Пра ўвядзенне павышаных мытных пошлінаў супраць прадукцыі амаль з усяго свету прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў 2 красавіка. Напрыклад, на тавары з краін Еўрасаюза ўводзяцца 20-адсоткавыя пошліны, для Вялікабрытаніі — 10%, для некаторых краін — 40% і больш.
Пад новыя санкцыі не трапілі Беларусь і Расія. У Белым доме заявілі, што ўжо ўведзеныя санкцыі ЗША выключаюць магчымасць значнага гандлю з Расіяй. А Куба, Беларусь і Паўночная Карэя ў гэты спіс не ўключаныя, бо "наяўныя тарыфы і санкцыі супраць іх ужо высокія".
Пасля абвяшчэння рашэння Трампа Кітай увёў на тавары з зшА пошліны ў 34%. Еўрасаюз таксама падрыхтаваў спіс тавараў з ЗША, на які мяркуецца увесьці дадатковыя пошліны. Галасаваньне па мерах у адказ чакаецца 9 красавіка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.