"Белавежская пушча" прадала некалькі зуброў у Расію
Нацыянальны парк "Белавежская пушча", які ўваходзіць у склад Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, прадаў у Расію некалькі зуброў. Пакупнік — ТАА "Виола" з Кастрамской вобласці.
У Белавежскай пушчы кажуць, што цяпер у нацыянальным парку жыве больш зуброў, чым аптымальна, "што дазваляе рэалізоўваць дзікіх жывёл суб'ектам гаспадарання на тэрыторыі РБ і за мяжой, якія хочуць займацца ўтрыманнем і развядзеннем зубра еўрапейскага у напаўвольных умовах, і якія маюць для гэтага неабходныя ўмовы". Так можна і іх колькасць рэгуляваць, і дадтатковы даход атрымаць.
Зубр у Беларусі занесены ў "Чырвоную кнігу" і знаходзіцца пад строгай аховай. У Белавежскай пушчы на дадзены момант жыве блізу 675 зуброў.
Перад продажам зубраў злавілі, нейкі час пратрымалі на карантыне, пасля падрыхтавалі ветэрынарныя і іншыя неабходныя дакументы на іх. На сайце Белавежскай пушчы адзначаецца, што гэта працаёмкі працэс, але вынік тагно варты: цяпер у Кастрамской вобласці будзе створаная мікрапапуляцыя зуброў. Іх будуць дэманстраваць турыстам, не кажучы ўжо пра тое, што папоўніцца фаўна рэгіёна.
12 траўня 2021 года партыя зуброў была адпраўленая пакупніку.