Беларускія вытворцы правалілі тэндары ў РФ — Крутой
Тралейбус, ілюстрацыйнае фота / t.me/uvdgomel/
Беларускія вытворцы правалілі тэндары на закупку тралейбусаў у адным з расійскіх рэгіёнаў. Гэтая сітуацыя стане прадметам разбору. Пра гэта ў інтэрв'ю Беларускай тэлевізіі заявіў кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой.
Чыноўнік ахарактарызаваў 2025 год як складаны для беларускага машынабудавання на расійскім рынку. Але дадаў, што не ва ўсім вінаватыя беларусы.
"Гэта не таму, што беларусы ўпалі, бо такі сёння стан рынку. І выклікана гэта многімі прычынамі: ад кошту збожжа да ўзроўню адсоткавых ставак па банкаўскіх, фінансавых і лізінгавых прадуктах. Калі ў фермераў, ключавых спажыўцоў, на сённяшні дзень такі фінансавы стан, у першую чаргу яны думаюць пра бягучую дзейнасць, а не пра інвестыцыйнае абнаўленне і куплю трактароў і камбайнаў", — заявіў Крутой.
Паводле яго, хоць у Растоўскай вобласці і Стаўрапальскім краі знізіліся закупкі беларускіх трактароў, затое "выраслі пастаўкі камбайнаў, грузавікоў МАЗ, прадукцыі ліфтмаша нашага, тэхнікі "Амкадор" камунальнай і дарожнай".
"Губернатар абсалютна справядліва выказаў заўвагу, што мы прайгралі некалькі конкурсаў на пастаўку тралейбусаў з аўтаномным ходам. Будзем праводзіць унутранае расследаванне і разбіральніцтва. Гэта абсалютна недапушчальна з улікам наяўнасці дылераў і з улікам маркетынгавых, значных па колькасці маркетынгавых службаў на сваіх заводах. І чаму мы такія кантракты прапускаем, абсалютна праходзячы па цане і па фінансавых умовах", — сказаў кіраўнік адміністрацыі.
Акрамя таго ён анансаваў, што да канца дзесяцігоддзя ў Беларусі разлічваюць выйсці на стварэнне грамадзянскага самалёта.