Беларускія перавозчыкі пачалі адмяняць рэйсы ў Літву

Аўтобусы, ілюстрацыйнае фота

Аўтобусы, ілюстрацыйнае фота / Eurolines

Беларускія аўтобусныя перавозчыкі пачалі адмяняць рэйсы ў Літву пасля закрыцця мяжы.

Як паведамляе тэлеграм-канал "Атлас: мяжа анлайн", кампанія-перавозчык "Трансагенцтва Фаварыт" адмяніла рэйсы аўтобуса па маршруце Гродна-Ліда-Воранава-Вільня як мінімум да аўторка. Пра такія ж адмены абвясцілі кампаніі "Ваджэн транс" і UAB Gromora: яны скасавалі рэйсы па напрамках Мінск-Вільня і Мінск-Каўнас.

Усім пасажырам, якія паспелі набыць квіткі на адмененыя рэйсы, прапануюць перанесці дату паездкі ці атрымаць назад поўны кошт квітка.

Некаторыя пасажыры былі вымушаныя вярнуцца дадому, так і не дабраўшыся да канчатковага пункту прызначэння. Гэта датычыць аўтобусаў на маршрутах Гродна-Вільня, Вільня-Ліда і Вільня-Гродна, якія адпраўляліся ў ноч на панядзелак.

Пасажырам гэтых рэйсаў таксама цалкам кампенсавалі кошт квіткоў.

Да канца серады часова прыпынены продаж квіткоў на маршрут Гомель-Вільня. Пасажырам, якія паспелі набыць квіткі на гэты рэйс, цалкам вярнулі грошы за іх.

Адмененыя рэйсы па напрамках Гродна-Вільня і Вільня–Гродна на 27 і 28 кастрычніка. Пасажырам цалкам вяртаюць грошы за квіткі.

Позна ўвечары 26 кастрычніка Літва закрыла мяжу з Беларуссю і прыпыніла палёты з Віленскага аэрапорта. Гэта звязана з масавым запускам метэазондаў з беларускай тэрыторыі. Авіярэйсы былі адноўленыя зранку 27 кастрычніка, а мяжа застаецца закрытай прынамсі да серады, 29 кастрычніка. У гэты дзень літоўскі ўрад прыме рашэнне наконт рэжыму на мяжы. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.