Беларускі дыпламат, паранены ў Турцыі, прыйшоў у прытомнасць
Беларускі дыпламат, паранены ў Турцыі, прыйшоў у прытомнасць, яго наведала жонка. Пра гэта агенцтву БЕЛТА расказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Беларусі ў Турцыі Андрэй Савіных.
"Экстраная аперацыя прайшла паспяхова, наш супрацоўнік знаходзіцца ў рэанімацыйнай палаце. Сёння ў абед ён прыйшоў у прытомнасць і з ім змагла ўбачыцца жонка. Цяпер ён знаходзіцца ў стабільным стане, хоць і цяжкім. Лекары нас абнадзейваюць", — падзяліўся падрабязнасцямі Савіных.
Амбасадар падкрэсліў, што турэцкія ўлады на ўсіх узроўнях аказвалі дапамогу беларускаму боку. Ён папрасіў стрымана ставіцца да інфармацыі, якая з'яўляецца ў турэцкіх СМІ.
Як паведамлялася раней, 24 ліпеня ў дарадцу беларускай амбасады стралялі, калі ён вяртаўся дадому з сынам. Яго сусед па дому, псіхічна неўраўнаважаны адстаўны вайсковец, некалькі разоў стрэліў у дыпламата, пасля чаго застрэліўся сам.
Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў журналистам, што ў нападзе не было ніякіх палітычных матываў.