Беларуская футбольная “маладзёжка” пацярпела паразу ад палякаў
Футбалісты моладзевай зборнай Беларусі (U-21) пацярпелі паразу ў першым кантрольным паядынку новага сезону. Падапечныя Ігара Кавалевіча гулялі ў польскім Урацлавеку з аднагодкамі-палякамі і прайгралі з лікам 0:3.
Летам наступнага года Польшча прыме моладзевы чэмпіянат Еўропы па футболе. Беларусаў яшчэ чакае барацьба за пуцёўку ў фінал спаборніцтва: сёлета ўвосень яны правядуць тры адборачныя паядынкі ў 8-й кваліфікацыйнай групе. У першым з іх беларусы 2 верасня прымуць на сваім полі каманду Нідэрландаў, 6 верасня згуляюць у гасцях у зборнай Турцыі, 7 кастрычніка — сустрэнуцца за выездзе са славакамі.
На сёння Беларусь, у якой 7 ачкоў, займае 3-е месца ў сваёй кваліфікацыйнай групе пасля Славакіі і Нідэрландаў (па 9 ачкоў). У фінальную стадыю выйдуць пераможцы 9 кваліфікацыйных груп. 4 найлепшыя зборныя, якія зоймуць другія месцы, у матчах плэй-оф вызначаць яшчэ двух фіналістаў, нагадвае БЕЛТА.