Беларуская чыгунка пераходзіць на “летні” расклад міжнародных цягнікоў

Беларуская чыгунка ўнесла змены ў расклад міжнародных цягнікоў — гэта звязана з пераходам краінаў Еўрасаюза і Украіны на летні час, які адбудзецца ў ноч з 28 на 29 сакавіка. Карэктывы ў графік уносяцца сумесна з чыгуначнымі адміністрацыямі Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны.  

Напрыклад, цягнік №805 Мінск — Вільня, які хадзіў з Мінска ў 8.40 і прыбываў на канцавую станцыю з 10.10, цяпер будзе ў Вільні ў 11.10, а час адпраўлення з Мінска застанецца ранейшым. Назад гэты цягнік будзе адпраўляцца з Вільні ў 19.14, а прыбываць у беларускую сталіцу як і раней — у 21.44.

Цягнік №86 Мінск — Кіеў будзе выходзіць з Мінска ў 21.55 і будзе прыбываць у Кіеў як і раней, у 7.51. Назад цягнік пойдзе ў 22.52, а прыбываць у беларускую сталіцу ў 8.38.

Цягнік №115 Мінск — Варшава цяпер будзе адпраўляцца ў 20.45 і прыбываць у 5.40 на Варшаву-Цэнтральную. Назад ён выедзе з Варшавы-Цэнтральнай у 21.06 і будзе вяртацца ў Мінск у 7.58.

Цягнікі, якія адправяцца з пачатковых станцый 29 сакавіка да пераводу стрэлак гадзіннікаў і якія апынуліся на шляху следавання ў момант гэтага пераводу, ідуць да канцавых станцыяў паводле старога раскладу, інфармуе БЕЛТА.