Беларуская чыгунка пачне працаваць у адным часавым рэжыме з Еўропай
Гэта дасць магчымасць значна спрасціць працу па ўзгадненні графіка руху цягнікоў.
Беларуская чыгунка будзе працаваць у адным часавым рэжыме з чыгункамі еўрапейскіх краін, паведамляе БЕЛТА.
Раней чыгуначнікі ўводзілі новы графік цягнікоў адзін раз у год у траўні. Але ў снежні гэты графік даводзілася карэктаваць, бо свае расклады ў гэты час уводзілі чыгункі еўрапейскіх краін. Новы графік руху цягнікоў на 2015-2016 год, а таксама план фармавання грузавых цягнікоў у міжнародных зносінах пачне дзейнічаць з 00.00 гадзін 13 снежня 2015 года.
Як кажуць у Беларускай чыгунцы, гэтая змена дасць магчымасць значна спрасціць працу па ўзгадненні графіка руху цягнікоў, фармаваць тыя ці іншыя маршруты ў адпаведнасці з эканамічнай мэтазгоднасцю і параметрамі бюджэтаў чыгунак. Таксама чыгуначнікі спадзяюцца зменшыць колькасць дадатковых узгадненняў і карэктаванняў графіку руху цягнікоў.