Беларуская чыгунка арганізуе маршрут з Мінска ў Польшчу праз Гродна

З 11 траўня Беларуская чыгунка арганізуе маршрут з Мінска ў Польшчу праз Гродна. Гэта стане магчымым, дзякуючы дамове з Польскімі чыгункамі. З панядзелка зменіцца расклад цягніка № 193 Гродна — Малкінія, які будзе адпраўляцца ў Польшчу ў 12.50 (замест 11.23). Гэта зробіць магчымым перасадку пасажыраў цягніка міжрэгіянальных ліній № 673 Мінск — Гродна на згаданы цягнік.

Прэс-служба Беларускай чыгункі адзначае, што далей цягнік № 193 Гродна — Малкінія будзе прыбываць у Беласток у 14.57, у Малкінію — у 16.23.

Нагадаем, ранішні цягнік міжрэгіянальных ліній № 673 Мінск — Гродна курсіруе па Беларускай чыгунцы з 29 сакавіка. Са станцыі Мінск-Пасажырскі ён адпраўляецца раніцай у 06.56 і прыбывае ў Гродна ў 11.26. Цягнік робіць прыпынкі ў Маладзечне, Лідзе і Мастах.


Фота: ria.ru