Беларуска, якой пагражала дэпартацыя, атрымала статус просьбіта прытулку ў Літве
Наталля Падлеўска / Белсат
Беларуска Наталля Падлеўска, якую Польшча перадала Літве, атрымала статус просьбіта прытулку ў Літве на паўгода. Польскі бок пакуль не перадаў Літве ніякіх дакументаў наконт яе, паведамляе "Белсат" са словаў жанчыны.
Падлеўска цяпер знаходзіцца ў Вільні, жыве ў шэлтары арганізацыі "Дапамога".
Цяпер жанчыне больш не пагражае дэпартацыя ў Беларусь. Як паведамлялася раней, некалькі дзён таму супрацоўніца міграцыйнай службы заявіла Падлеўскай, што тая знаходзіцца на тэрыторыі Літвы нелегальна і яе могуць дэпартаваць у Беларусь. Гэта звязана з тым, што польская памежная служба пры перадачы беларускі ў Літву не паведаміла, што ўсё адбываецца ў рамках Дублінскага пратаколу, які рэгулюе разгляд заявы на прытулак у Еўрасаюзе. Таксама ў Літве не ведалі аб рашэнні польскага суда, што Польшча застаецца адказнай за разгляд справы Падлеўскай.
У Беларусі Наталля была асуджаная на 1 год калоніі паводле абвінавачання ў абразе Лукашэнкі і абразе службовай асобы. Пасля выхаду на волю яна пакінула Беларусь, скарыстаўшыся літоўскай візай. Аднак потым экс-палітзняволеная пераехала ў Польшчу, дзе жыве сям'я яе дачкі. Калі жанчына падала заяву аб міжнароднай абароне, польскія міграцыйныя органы выслалі яе ў Літву, не чакаючы рашэння суда. Прычым перавозілі яе ў кайданках, як злачынцу.
Суд стаў на бок беларускі і вырашыў, што яе прашэнне аб міжнароднай абароне павінна разглядацца ў Польшчы. Аднак сама на той момант была ўжо ў Літве. Выразнага прававога механізму па вяртанні Падлеўскай з Літвы ў Польшчу на сёння няма.