Беларуска Лілія Яноўская ўзышла на пік Анапурна і паставіла новы рэкорд

Лілія Яноўская ў гарах

Лілія Яноўская ў гарах / фота з яе старонкі ў Фэйсбуку

7 красавіка ў 9:10 раніцы паводле мясцовага часу 65-гадовая беларуска Лілія Яноўская ўзышла на Анапурну ў Гімалаях. Яна стала найстарэйшым чалавекам, якому ўдалося ўзысці на гэты пік.

Вышыня Анапурны, размешчанай у паўночна-цэнтральным Непале, складае 8091 м. Гэта дзясятая па вышыні гара на Зямлі.

Цяпер жанчына адпачывае ў лагеры №3 перад спускам у базавы лагер.

Лілія Яноўская ўзнялася ўжо на 9 з 14 пікаў, вышыня якіх больш за 8000 метраў. Раней яна ўзняла нацыянальны бел-чырвоны-белы сцяг на Эверэсце.

Лілія Яноўская нарадзілася ў Івянцы, жыла ў Мінску. У 1990-я яе сям'я эмігравала ў Канаду. Ва ўзросце 50 гадоў жанчына захапілася альпінізмам. Сярод заваяваных ёю вяршыняў — Аканкагуа (6962 м, найвышэйшы пік у Паўднёвай Амерыцы), гара Матэрхорн ў Швейцарыі (4478 м), Рэйнір ў ЗША, стратавулканы ў Перу, Мексіцы і Эквадоры.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.