Беларусі падараць кнігу пра ваеннае мастацтва часоў ВКЛ — яе напісаў беларус

Кніга “Вялікага майстэрства артылерыі, частка першая” / MALDZIS
Ініцыятыва MALDZIS выкупіла франкамоўнае выданне “Вялікага майстэрства артылерыі, частка першая” ваеннага інжынера арміі ВКЛ Казіміра Семяновіча. Кніга была надрукаванае ў Амстэрдаме ў 1651 годзе. Гэтая праца, напісаная рукою беларуса, — помнік навуковай і вайскова-тэхнічнай літаратуры сусветнага значэння.
Пераклад надрукаваны ў 1651-ым годзе яшчэ пры жыцці Семяновіча ў тым жа нідэрландскім выдавецтве, што і лацінскі першадрук. У кнізе — больш за 200 малюнкаў і схем, зробленых гравёрам Якабам ван Мёрсам паводле эскізаў Семяновіча.
Прадмова, напісаная Семяновічам менавіта для франкамоўнага выдання, гэта апошняе дакументальнае сведчанне яго жыцця. Навукоўца памёр у 1651-ым годзе пры нявысветленых дагэтуль абставінах.
Кніга будзе перададзеная ў Віцебскі абласны краязнаўчы музей у якасці грамадскага падарунка. Да вяртання ў Беларусь яна будзе выстаўляцца за мяжой. Старадрук можна будзе пабачыць на Фестывалі Мальдзіса, які пройдзе 7-га верасня ў Варшаве.
Раней ініцыятыва MALDZIS выкупіла карту Вялікага Княства Літоўскага, створаную навукоўцам-езуітам беларускага паходжання Янам Няпрэцкім. Упершыню гэтая мапа была надрукаваная ў Нюрнбергу ў 1749 годзе. Асобнік, які набыла ініцыятыва MALDZIS, пабачыў свет у першай палове 1790-х — пад самы канец існавання ВКЛ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.