Беларус пазбыўся 10 тысяч еўра, калі пытаўся ў мытніка РБ, як дэклараваць грошы
Пункт пропуску "Каменны Лог" / Дзяржаўны мытны камітэт
10 тысяч еўра страціў беларус, які на мытні выйшаў на адзін метр за межы "зялёнага калідора".
Мужчына вяртаўся дадому з Літвы. Ён прайшоў пашпартны кантроль і звярнуўся да беларускага мытніка з пытаннем, як дэклараваць 19 562 еўра гатоўкай. Пры гэтым беларус на адзін метр выйшаў за мяжу "зялёнага калідора". Аднак на яго адразу склалі адміністрацыйны пратакол.
Суд Кастрычніцкага раёна Гродна пастанавіў канфіскаваць у мужчыны 10 349 еўра. Таксама яго аштрафавалі на 185 рублёў.
Мужчына спрабаваў абскардзіць прысуд, але Гродзенскі абласны суд пакінуў у сіле рашэнне суда ніжэйшай інстанцыі.