Беларусь можа сутыкнуцца з вяртаннем брушнога тыфу — “Белыя халаты”

Прыцягненне працоўных мігрантаў з Пакістана нясе патэнцыйную пагрозу / pixabay.com
Масавае прыцягненне ў Беларусь працоўных мігрантаў з Пакістана можа стаць сур’ёзным выклікам для эпідэміёлагаў, бо павялічвае рызыкі ўзнікнення лакальных успышак брушнога тыфу ў нашай краіне, пішуць “Белыя халаты”.
Тыфа-паратыфозныя захворванні найбольш распаўсюджаныя ў краінах з цёплым кліматам і нізкім узроўнем санітарыі. Рызыка захварэць на брушны тыф вышэй у людзей, якія не маюць доступу да чыстай вады і жывуць ва ўмовах антысанітарыі. Найбольш уразлівыя — дзеці.
Гісторыя пытання ў лічбах
Статыстыка захворвання на брушны тыф у Пакістане выглядае нестабільна, паведамляюць “Белыя халаты”.
У 2021 годзе яна складала 3 026 выпадкаў (12,6 на млн насельніцтва), у 2022 годзе — 8 683 выпадкі (35,6 на млн насельніцтва), у 2023 года быў пік — 14 132 выпадкі (57,1 на млн насельніцтва), а ў 2024 годзе спад — 6 941 выпадак (27,6 на млн насельніцтва).
Пакістан стаў першай краінай, дзе ў Нацыянальны каляндар прышчэпак у 2019 годзе была ўключана вакцынацыя супраць брушнога тыфу дзяцей ва ўзросце 9 месяцаў.
Пры гэтым самі беларускія эпідэміёлагі ў 2019 годзе паведамлялі ў навуковым часопісе:
“У цяперашні час для Беларусі характэрныя адзінкавыя ўвазныя з эндамічных рэгіёнаў (да якіх можна аднесці і Пакістан — рэд.) выпадкі захворвання на брушны тыф. Пасля перанесенага захворвання хранічнымі носьбітамі становяцца 3–5% асоб, што звязана з развіццём імуналагічнай талерантнасці арганізма чалавека да O-антыгена. Дадзеная катэгорыя пацыентаў прадстаўляе асаблівую эпідэмічную значнасць і падлягае ўліку. Па стане на 2019 год у Беларусі зарэгістравана 77 хранічных носьбітаў брушнога тыфу”.
“Белыя халаты” папярэджваюць, што ў Беларусь можа вярнуцца праблема, якая была неактуальнай для нашай краіны ўжо дзесяцігоддзі. І заклікаюць Мінздароўя рэагаваць на выклікі, якія стаяць перад краінай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.