Беларус Каспяровіч загінуў ад няшчаснага выпадку — праваахоўнікі

Зміцер Каспяровіч

Зміцер Каспяровіч / фота з яго старонкі ў Фэйсбуку

Прычынай смерці беларускага апазіцыйнага актывіста Змітра Каспяровіча стаў пералом аснавання чэрапа. Польскі праваахоўнікі лічаць, што адбыўся няшчасны выпадак. Пра гэта Еўрарадыё расказалі сябры загінулага палітуцекача.

Па версіі праваахоўнікаў, Каспяровіч атрымаў траўму (імаверна, упаў з лесвіцы), але здолеў устаць, падняцца на два паверхі і трапіць у сваю кватэру. Там яго знайшлі мёртвым праз тры дні пасля здарэння.

Змітру Каспяровічу было 43 гады. Ён доўгі час у апазіцыі — быў у "Маладым фронце", у Партыі БНФ. Актывіста неаднаразова затрымлівалі, а ўпершыню асудзілі ў 2006 годзе — за сарваны з даху Мінгарвыканкама чырвона-зялёны сцяг.

Пасля пратэстаў Каспяровіч жыў у Варшаве, але ўвесну 2022 года часова вярнуўся ў Мінск, каб вырашыць юрыдычныя пытанні. Неўзабаве дадому да яго прыйшлі сілавікі, але ён здолеў уцякчы праз вакно, на жаль, зламаўшы нагу.

Не маючы магчымасці перайсці мяжу нелегальна, Каспяровіч сам звязаўся з сілавікамі. Яго некалькі разоў дапыталі. У чэрвені 2022-га ён здолеў з'ехаць у Літву, і адразу пасле гэтага паведаміў журналістам, што вымушаны быў пагадзіцца на супрацоўніцтва з КДБ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.