Смерць беларуса Каспяровіча расследуе польская пракуратура

Зміцер Каспяровіч

Зміцер Каспяровіч / фота з яго старонкі на Фэйсбуку

Пракуратура гораду Новы Двур-Мазавецкі пад Варшаваю расследуе гібель беларуса Змітра Каспяровіча. Расследаванне вядзецца паводле артыкула аб ненаўмысным прычыненні смерці. Прыкметаў механічнай траўмы эксперты не пабачылі.

"23 чэрвеня была адкрытая крымінальная справа паводле артыкула 155 Крымінальнага кодэксу. 24 чэрвеня было праведзенае анатамаванне. Папярэдняе заключэнне не паказала, што да смерці прывяла механічная траўма", — паведаміла "Белсату" прэс-сакратарка Акруговай пракуратуры варшаўскага раёну Прага Караліна Старас.

Паводле яе, пра ўмяшанне трэціх асобаў у інцыдэнт з Каспяровічам пакуль нічога не сведчыць.

"На гэты момант эксперты не каментуюць, ці была смерць гвалтоўнаю і ці быў Зміцер К. цвярозы ў момант смерці. Расследаванне цяпер на самай ранняй стадыі, ідуць працэсуальныя дзеянні дзеля высвятлення акалічнасцяў смерці", — заявілі ў пракуратуры.

Цела 43-гадовага беларускага палітуцекача знайшлі яго сябры 20 чэрвеня ў доме, дзе ён жыў. Яны казалі, што ў доме было шмат крыві каля ўваходу ў кватэру. Таксама крывавыя сляды босых ног ішлі ад нулявога да другога паверха.

Зміцер Каспяровіч з юначых гадоў быў у апазіцыі. Ён быў сузаснавальнікам "Маладога фронту", лідарам "Маладой Беларусі", потым далучыўся да БНФ. Удзельнічаў у абароне Курапатаў. У 2006 годзе ён сарваў чырвона-зялёны сцяг з даху Мінгарвыканкама, за што быў асуджаны.

Каспяровіч пакінуў Беларусь пасля пачатку рэпрэсіяў у 2020 годзе. У 2022-м вярнуўся на радзіму, каб развязаць "пэўныя юрыдычныя праблемы" і сутыкнуўся з палітычным пераследам. Калі яму ўдалося выехаць у Літву, актывіст прызнаўся, што яго завербавалі супрацоўнікі КДБ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.