БЧ дапусціла дэфолт па карпаратыўных аблігацыях. Што гэта значыць?

Цягнікі / фота ілюстрацыйнае / pixabay.com
Беларуская чыгунка не выканала абавязацельствы па аблігацыях на 70 млн долараў, пацвердзілі Еўрарадыё ў супольнасці чыгуначнікаў Беларусі. Пра гэта таксама паведамляе Мінфін.
Эканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі тлумачыць, што гэта значыць для прадпрыемства.
— Дэфолт па аблігацыях проста даказвае, што сітуацыя на БЧ сапраўды вельмі дрэнная. Але мы і без таго гэта ведалі. Прычына ў санкцыях і падзенні перавозак. Замест таго каб вазіць тавары на захад і атрымліваць выручку, як гэта было раней, мы плацім Расійскай чыгунцы. Таму што ўвесь транзіт вымушаныя ажыццяўляць праз Расію, — тлумачыць Махоўскі. — У выніку Беларуская чыгунка губляе даходы і работнікаў. Мы ведаем, што там ідуць скарачэнні.
Але сур'ёзных наступстваў ад гэтага дэфолту ў БЧ не будзе, кажа аглядальнік. Ніхто не абвесціць чыгунку банкрутам.
— У гэтай сітуацыі гаворка не ідзе пра рынкавыя стасункі. Выпуск гэтых аблігацый першапачаткова быў проста спосабам падтрымаць Беларускую чыгунку. Гэта такія схаваныя субсідыі, і, наколькі я памятаю, асноўнымі пакупнікамі гэтых аблігацый былі дзяржаўныя банкі. Пры гэтым я ўпэўнены, што банкам куплю гэтых аблігацый маглі кампенсаваць з бюджэту.
Так што сам па сабе дэфолт на БЧ ніяк не паўплывае. Ён стаў проста яшчэ адным доказам таго, што прадпрыемства знаходзіцца ў цяжкім фінансавым становішчы.
— Урэшце, 70 мільёнаў даляраў — гэта не такая гіганцкая сума, якую немагчыма было б выплаціць.
Плацежаздольнасць БЧ можа аднавіцца толькі ў адным выпадку — калі будуць адкрытыя межы, знятыя санкцыі і перавозкі адновяцца ў ранейшым аб'ёме.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.