БАТЭ разграміў брэсцкае "Дынама", "Белшына" і "Крумкачы" згулялі ўнічыю (відэа)

БАТЭ разграміў брэсцкае "Дынама", "Белшына" і "Крумкачы" згулялі ўнічыю (відэа)

У суботу, 2 красавіка, праходзяць чарговыя матчы 1-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе. У Брэсце БАТЭ разграміў мясцовае "Дынама" — 4:1. Міхаіл Гардзяйчук адкрыў лік на 21-й хвіліне, Ігар Стасевіч вызначыўся на 45-й. Дынамавец Рамазан Ісаеў, які выйшаў на замену ў канцы першага тайма, на 50-й скарачае разрыў у ліку. Праз 14 хвілін Ісаеў мог забіць зноў, але не змог абыграць Сяргея Чэрніка. А барысаўчане забілі яшчэ двойчы і знялі ўсе пытанні пра пераможцу: на 75-й вызначыўся Аляксей Рыас, а на 79-й — зноў Стасевіч. Такім чынам, Ігар Стасевіч з двума забітымі мячамі лідыруе сярод бамбардзіраў першынства.

У Бабруйску на стадыёне імя Аляксандра Пракапенкі сустракаліся "Белшына" і дэбютант вышэйшай лігі мінскія "Крумкачы". Аляксандр Юшын адкрыў лік ужо на 4-й хвіліне, але на 36-й Яўген Шыкаўка забіў гол у адказ — 1:1. У далейшым ні адна з каманд не здолела вырваць перамогу. Адзначым, што ў складзе мінчукоў у другім тайме гуляў Вячаслаў Глеб.

Сёння таксама сустракаюцца "Славія" і "Слуцк", "Тарпеда-БелАЗ" і мінскае "Дынама", "Гарадзея" і "Шахцёр", "Мінск" і "Віцебск". У нядзелю ў Гродне мясцовы "Нёман" прыме мікашэвіцкі "Граніт". Як паведамляла Еўрарадыё, у стартавым матчы тура "Іслач" выйграла ў "Нафтана" — 2:0.