"Бардак поўны!" — Лукашэнка паглядзеў на прамысловую зону Мінска

"Бардак поўны!" — Лукашэнка паглядзеў на прамысловую зону Мінска

26 студзеня Аляксандр Лукашэнка наведаў фармпрадпрыемства "Мінскінтэркапс", паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы

Па дарозе ён крытычна ацаніў стан тэрыторый у прамысловай зоне Мінска. "Бардак поўны! Мы платы ў калгасах рамантуем, робім, каб глядзелася. Паглядзіце на гэтыя прадпрыемствы", — абурыўся беларускі кіраўнік. 

Ён сказаў, што ў чыноўнікаў застаўся адзін год: "У сярэдзіне 2019 года ўся краіна, перш за ўсё Мінск, павінны быць у ідэальным парадку".

На самім прадпрыемстве ён даручыў узяць пад жорсткі кантроль сістэму абароту і вытворчасці лекавых сродкаў у Беларусі. Па словах Лукашэнкі, трэба стварыць сёлета ў першым паўгоддзі манапольную сістэму вытворчасці і рэалізацыі лекавых тавараў — і айчынных, і імпартных. Сістэма мусіць будавацца па аналогіі з вытворчасцю, абаротам і імпартам алкагольнай або тытунёвай прадукцыі. "Я не кажу, што вы кошты будзеце ўсталёўваць, яшчэ нешта, але вы цалкам возьмеце пад кантроль усе гэтыя працэсы ў краіне па вытворчасці, продажах унутры і імпарту звонку. Усё трэба ўзяць пад кантроль", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Асобна ён нагадаў, што не павінна быць пасярэднікаў, бо іх наяўнасць вядзе да падаражання тавару. "Калі мы дазваляем нейкае пасярэдніцтва, хай міністр ці губернатар паставіць свой подпіс", — паставіў умову Лукашэнка. Калі ў праваахоўных і кантралюючых структур узнікнуць пытанні, дык менавіта гэтыя чыноўнікі потым і будуць несці адказнасць за прынятае рашэнне, дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы даручыў у перспектыве дасягнуць парытэту па аб'ёмах экспарту і імпарту лекавых сродкаў. Пры гэтым айчынны рынак мусіць расці.