Бацька-адзіночка з “выхаваўчай” мэтай прывязваў сына ланцугом да батарэі
Дзіця / pixabay.com
У Мазыры сацыяльныя педагогі прыйшлі праверыць школьніка — і ўбачылі, што дзіця прыкаванае да батарэі. Пра гэта БелТА паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення Следчага камітэта па Гомельскай вобласці Дзмітрый Сцепанчыкаў.
Дзіця 2012 года нараджэння выхоўваў бацька-адзіночка. Маці хлопчыка памерла каля дзесяці гадоў таму, а прабабуля, якая жыла разам з імі, праз узрост не магла актыўна ўдзельнічаць у выхаванні.
Паводле следства, у перыяд з снежня 2022 года па студзень 2023 года мужчына неаднаразова прывязваў свайго сына металічным ланцугом з замком да батарэі. Гэта пазбаўляла дзіця магчымасці пакінуць пакой, прымаць ежу і спраўляць натуральныя патрэбы. Сам бацька тлумачыў свае дзеянні тым, што сын яго не слухаўся і спрабаваў уцячы з дому.
"Так, раніцай 24 студзеня 2023 года бацька збіраўся на працу і з выхаваўчых меркаванняў вырашыў прывязаць сына ланцугом да батарэі, бо напярэдадні той пайшоў на вуліцу гуляць з сябрамі і доўга не вяртаўся. Тады бацьку давялося яго шукаць, таму ён раззлаваўся”, — цытуе словы і тлумачэнні бацькі намеснік начальніка УСК.
У гэты момант у кватэру прыйшлі трое сацыяльных педагогаў. Яны знайшлі хлопчыка, які сядзеў за сталом і рабіў урокі, з нагой, прыкаванай ланцугом да батарэі. Дзіця патлумачыла, што гэта зрабіў бацька за непаслухмянасць.
Хлопчыка забралі ў дзіцячую паліклініку. Бацька таксама прызнаўся, што прыкладна за два тыдні да гэтага выпадку ён ужо ўжываў падобныя “выхаваўчыя меры”. Дзіця пацвердзіла гэта, адзначыўшы, што яго некалькі разоў прыкоўвалі да батарэі, каб ён не ўцякаў.
Матэрыялы крымінальнай справы сведчаць, што хлопчык не адрозніваўся ўзорнымі паводзінамі. Пры гэтым бацька заўсёды ішоў на кантакт з педагогамі і наведваў бацькоўскія сходы. Умовы пражывання ў чатырохпакаёвай кватэры былі здавальняючымі, у дзіцяці быў асобны пакой.
У выніку папярэдняга расследавання, дзеянні 42-гадовага жыхара райцэнтра закваліфікавалі паводле часткі 1 артыкула 183 Крымінальнага кодэкса як незаконнае пазбаўленне волі. Суд прызначыў яму два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай і штраф у 4200 рублёў.