Бабруйскія галадоўнікі вярнуліся ў будынак гарвыканкаму
Там яны збіраюцца працягваць галадоўку.
Звольненыя работнікі Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў вярнуліся ў будынак Бабруйскага гарвыканкама. Яны збіраюцца працягнуць галадоўку.
Як паведамляла Еўрарадыё, 5 лістапада галадоўку пачалі чатыры звольненыя чальцы Свабоднага прафсаюза Беларускага (СПБ) — Мікалай Жыбуль, Алег Шаўчэнка, Аляксандр Варанкін і Аляксандр Грамыка. Яны патрабуюць, каб было выкананае іх канстытуцыйнае права на працу.
Прыкладна праз гадзіну падпалкоўнік міліцыі Сяргей Рудзько прымусіў іх пакінуць будынак. Пасля абедзеннага перапынку ў гарвыканкаме галадоўнікі зноў вярнуліся. У каментары агенцтву БелаПАН яны паведамілі, што чыноўнікі і міліцыя пакуль ніяк не рэагуюць на іх новае з'яўленне.
Удзельнікі акцыі плануюць трымаць сухую галадоўку, пакуль змогуць. Але пасля гэтага яны дапускаюць ўжыванне вады.
Ілюстрацыйнае фота — levoradikal.ru