Бабруйскія галадоўнікі сустрэліся з кіраўніком гарвыканкама
Ён адмовіўся дапамагаць галадоўнікам аднавіцца на працы.
12 лістапада ўдзельнікі галадоўкі ў Бабруйску сустрэліся з кіраўніком мясцовага гарвыканкама. Выніку гэтая сустрэча не дала, паведамляе БелаПАН. Як кажа адзін з галадоўнікаў Мікалай Жыбуль, старшыня гарвыканкама Андрэй Каваленка адмовіўся вырашаць пытанне пра іх аднаўленне на працы. Па словах Жыбуля, на сустрэчу запрасілі тэлебачанне. Чыноўнік прапанаваў галадоўнікам уладкавацца на любое іншае месца працы.
Нагадаем, галадоўку трымаюць былыя рабочыя Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў Мікалай Жыбуль, Алег Шаўчэнка, Аляксандр Варанкін і Аляксандр Грамыка. Яны лічаць, што пазбавіліся працы за сяброўства ў Свабодным прафсаюзе Беларускім. У кастрычніку яны і яшчэ некалькі актывістаў незалежнага прафсаюзу звярнулася з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі. Аднак адказу не дачакаліся. Менавіта жаданне данесці да кіраўніка дзяржавы інфармацыю пра сітуацыю на заводзе і стала прычынай галадоўкі.
Зараз да акцыі далучыліся таксама дзве жанчыны. Гэта работніца завода Аксана Кернажыцкая, якая галадае на працоўным месцы, і супрацоўніца Бабруйскай раённай бібліятэкі Святлана Грыцэнка.