"Баброўнікі-Бераставіца": чаму пункт пропуску наўрад ці адкрыюць cёлета
Від пераходу "Бераставіца" месяц таму / Мытны камітэт
24 траўня прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск загаварыў пра магчымае хуткае аднаўленне працы памежнага пункта "Баброўнікі-Бераставіца". Але наўрад ці гэта адбудзецца найбліжэйшым часам. І справа не ў польскіх уладах і іх адносінах з рэжымам Лукашэнкі, а ў тым, што з беларускага боку пераход да працы не гатовы — паўгода таму пачалася яго маштабная рэканструкцыя. Працы плануюць скончыць да канца 2024 года.
Канешне, пры жаданні беларускіх уладаў прапускны пункт можа працаваць у абмежаваным рэжыме, але нават для гэтага трэба правесці сур'ёзныя работы. Бо на тэрыторыі пераходу адсутнічае асфальт і частка будынкаў.
Прапускны пункт "Баброўнікі-Бераставіца" быў закрыты 10 лютага 2023 года як пратэст польскіх уладаў на прысуд актывіста польскай меншасці, журналіста Анджэя Пачобута.