Астравецкая бібліятэка не атрымае імя Адама Мальдзіса — пакуль што
Гродзенскі аблвыканкам прыпыніў рашэнне аб наданні Астравецкай раённай бібліятэцы імя Адама Мальдзіса. Рашэнне было прынятае Галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама пасля звароту праўладнай актывісткі Вольгі Бондаравай.
Афіцыйны адказ за подпісам начальніка Галоўнага ўпраўлення Ігара Булаўкі Бондарава апублікавала ў сваім ТГ-канале.
Адам Мальдзіс — пісьменнік, літаратуразнаўца, гісторык. Вядомы як блізкі сябра Уладзіміра Караткевіча. Мальдзіс памёр 3 студзеня 2022 года ва ўзросце 89 гадоў.
У чэрвені 2022 года Беларускі фонд культуры прапанаваў Астравецкаму райвыканкаму ўвекавечыць памяць славутага земляка. 24 чэрвеня астравецкія чыноўнікі вырашылі надаць яго імя раённай бібліятэцы.
Гэта выклікала абурэнне ў праўаднай актывісткі Вольгі Бондаравай. Яна напісала скаргу ў Гродзенскі аблвыканкам. Славутага навукоўца яна называла "махровым нацыяналістам" і "прапольскім дзеячам". У віну Мальдзісу яна ставіла нават атрыманы ім дзяржаўны ордэн Францішка Скарыны.
Спярша гродзенскія чыноўнікі заявілі, што адмяняць рашэнне аб перайменаванні бібліятэкі не плануюць. Але цяпер прынялі іншае рашэнне.