Арцём перажыў выбух на Кастрычніцкай: "Да месца выбуху я не дайшоў 4 метры"

Пасля выбуху ў мінскім метро / tut.by
"Я памятаю выразна яркую ўспышку, незразумелы мне на той момант гук", — так праз 14 гадоў прыгадвае выбух у метро 30-гадовы мінчук Арцём. Яму было 16, калі ён апынуўся за чатыры метры ад бомбы ў мінскім метро 11 красавіка 2011 года.
Мінчукі не забудуць гэты дзень: перагружаныя тэлефонныя сеткі, неразуменне таго, што адбываецца, шок. Тэракт адбыўся ў гадзіну пік у 17.55 на станцыі Кастрычніцкая. 15 чалавек загінулі, сотні атрымалі раненні.
Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, якіх прызналі вінаватымі па справе пра тэракт, асудзілі на смерць. Многія, у тым ліку пацярпелы Арцём, дагэтуль лічаць, што за гэтай справай стаялі не тыя, каго абвінавацілі.
Еўрарадыё паразмаўляла з хлопцам пра тое, што адбывалася з ім у той дзень і пасля. Прыводзім яго аповед.
“Сваякі віншуюць з другім днём нараджэння”
Цікава... Апошнія гадоў сем я наогул не ўспамінаю пра гэты дзень. Было і было. Але родныя і знаёмыя ўспамінаюць і нагадваюць мне. Звычайна гэта віншаванні з другім днём нараджэння.
Мне было 16, я хадзіў на курсы падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэставання. Дзень як дзень. Я спазняўся на курсы, але дамовіўся з сябрам сустрэцца ў метро, каб пад'ехаць да ГЦ "Сталіца".
Мы перасаджваліся на сінюю ветку па эскалатарах і заспелі момант выбуху, калі ўжо спусціліся [на "Кастрычніцкую"] і ішлі па пероне.
Далей — поўны хаос і паніка. Я памятаю выразна яркую ўспышку, незразумелы мне на той момант гук.
Я інстынктыўна заплюшчыў вочы, зажмурыўся, закрыў іх рукамі і неяк трошачкі сагнуўся, але пры гэтым адчуў, нібыта мяне нешта рухае назад.
Расплюшчыў вочы: усё было ў пыле, у паніцы, крыкі, выццё. Ніхто, натуральна, не разумеў, што гэта такое.

Я перш за ўсё паспрабаваў знайсці сябра. Я яго адразу не пазнаў. Ён проста абгарэў: абпаленыя валасы, абпаленая куртка, абпалены твар, плюс, натуральна, дым, пыл, бруд. На той момант я ўжо не бачыў на адно вока.
Потым інстынктыўна мы пачалі рухацца наверх за ўсім натоўпам. Проста ішлі наперад, не задумваючыся, што там далей і як там далей. Можна сказаць, што спрацаваў "інстынкт статку". Хтосьці крычаў, прасіў дапамогі.
Наверсе стаяў нейкі мужык. Ён усім крычаў, маўляў, ідзіце туды, тут нічога не абвалена, ідзіце праходам далей, пераходзьце на іншую станцыю, там усё акей. І ўсе туды ішлі.
Калі я ступіў на прыступкі, то зразумеў, што ў мяне нешта не так з нагамі. Я адчуў, як з мяне льецца кроў.
У гэты час дзяўчынка, закінуўшы на сваё плячо, цягнула хлопца, які не мог сам перасоўвацца. Я з іншага боку яго падхапіў, сказаў, што давяду. Дзяўчынка яго адпусціла. Мой сябар на той момант уцёк наперад, наколькі было магчыма ўцячы. Я з гэтым хлопцам рухаўся вельмі павольна, бо мне і самому было цяжка перасоўвацца ўжо.

Калі вярнуліся ў прыёмнае, мяне пасадзілі ў вазок і павезлі адразу ў хірургічнае аддзяленне. І там ужо проста паклалі на стол і без наркозу абрэзалі абпаленыя валасы на галаве, даставалі аскепкі, зашывалі ногі.
Праз пару гадзін мяне паклалі ў палату. Я ўсё яшчэ скардзіўся на вока. І толькі ўвечары ўжо прыйшоў афтальмолаг, які сказаў, маўляў, "якога хрэна вы яго тут трымаеце, гэта не слёзы, у яго з вока выцякае шклопадобнае цела". І мяне павезлі на аперацыю.
Я прачнуўся толькі праз суткі, увесь перабінтаваны, як у кіно паказваюць. Мне ставілі кропельніцы. Першыя два тыдні мама карміла мяне з лыжачкі, бо я не мог нармальна рухацца. У асноўным я еў толькі банан і ёгурт, хоць есці асабліва не хацелася.
Пазней мне зрабілі яшчэ адну аперацыю на вока. У мяне быў пашкоджаны крышталік і кішэнька. Дактары хацелі пакінуць вось гэтую кішэньку, у якой захоўвацца крышталік, каб потым зрабіць аперацыю па карэкцыі зроку. Але кішэнька гэтая не прыжылася назад, цела пачало яе адрынаць. Дактарам давялося яе выдаліць.

Яшчэ мне прабіла наскрозь вуха, і за вухам, атрымліваецца, у раёне, дзе вестыбулярны апарат, захрас яшчэ адзін аскепак. Увесь месяц, што я праляжаў у бальніцы, з нейкай перыядычнасцю з мяне даставалі новыя аскепкі.
У мяне дагэтуль засталося шмат дробных аскепкаў, 95% знаходзяцца ў нагах.
Іх наяўнасць не дазволіць мне, калі будзе неабходна, зрабіць МРТ. Мы размаўлялі з хірургамі і з пластычнымі хірургамі на гэтую тэму, хацелі іх дастаць, але дактары сказалі, што яны настолькі дробныя, што аперацыя проста раскурочыць нагу. Можа, і дастануць, але потым нагу назад не збяруць.
Праз тры гады мне падшылі штучны крышталік. Натуральна, мой зрок на адно вока — гэта неідэальна. Гэта таксама дае пра сябе ведаць, але ў цэлым я проста прывык ужо да гэтага. То-бок у мяне адно вока працуе за два. Зрок амаль цалкам аднавіўся. Але ёсць астыгматызм і не зусім роўны раёк.
“Шмат хто казаў, што я нарадзіўся ў кашулі”
Я вельмі хутка аднаўляўся дзякуючы маім сябрам. Я тады вельмі шмат тусаваўся, у мяне была вялікая кампанія, і сябры ўвесь час прыязджалі. У мяне ў бальніцы былі практычна ўвесь час чэргі, на што скардзіліся і галоўны доктар, і супрацоўнікі бальніцы, што ніхто не дае праходу. Але за кошт гэтага я, напэўна, хутка і аднаўляўся, за кошт падтрымкі, што я не застаўся адзін.
Шмат хто казаў, што я нарадзіўся ў кашулі. У мяне два аскепкі ў абедзвюх нагах ледзь не перабілі сцегнавыя артэрыі. Я пры гэтым рухаўся, яшчэ дапамагаў хлопцу выйсці... То-бок мне проста вельмі пашанцавала, як сказалі хірургі. Калі б аскепкі зрушыліся, мне перабіла б сцегнавыя артэрыі, я б проста сплыў крывёю.
Следчы, які мяне курыраваў, таксама сказаў, што мне вельмі пашанцавала: да месца выбуху я не дайшоў 4-4,5 метра. Ён таксама прывёз мне маю торбу, якая засталася на станцыі. Яна вісела ў мяне ў раёне ніжніх рэбраў, селязёнкі, печані, нырак і прыняла ўдар кавалкам лаўкі.

Нам налічылі кампенсацыю, не памятаю ўжо колькі. Памятаю, што было тры ступені ў залежнасці ад таго, хто як пацярпеў.
Першая ступень — самая лёгкая, хто, умоўна, адкараскаўся сінякамі і ўдарамі. Другая ступень — хто пацярпеў крыху мацней. Мой сябар на той момант атрымаў другую ступень кампенсацыі.
Мне выдалі трэцюю, бо я стаў інвалідам. Мне пасля ўсіх аперацый, усіх працэдур паставілі інваліднасць, якую я зняў потым у 18 гадоў. Таксама тым, хто загінуў, я ведаю, выплачвалі ў падвойным памеры трэцюю ступень кампенсацыі.
“Народ цалкам пераключыўся, усім было ўжо пляваць на павышэнне цэн”
Многія, вядома, не вераць, што за выбухам стаяць тыя персанажы, якіх абвінавацілі. Я гэтай версіі прытрымліваюся, але маё меркаванне ідзе больш у паліталогію.
У мяне здагадка, што гэта зрабіў урад, бо тады ў нас, наколькі я памятаю, быў вельмі сур'ёзны крызіс, падымаліся ў геаметрычнай прагрэсіі цэны нават на базавыя прадукты: хлеб, грэчка, малако.

З пункту гледжання паліталогіі гэта досыць пісьменны ход урада для пераключэння ўвагі. Народ цалкам пераключыўся, усім было ўжо пляваць на павышэнне цэн і на тое, што ўсё даражэе, і ніхто ўжо не хацеў ні бунт падымаць, нічога. Гэта маё меркаванне.
Як падзея паўплывала на жыццё
Кардынальна на мне гэта падзея не адбілася, бо ў мяне ўзрост быў такі. Сваё сямнаццацігоддзе я адзначыў у бальніцы. Потым было проста аднаўленне, звычайнае жыццё падлеткавае.
Так, першыя месяцы два мне нельга было ездзіць на грамадскім транспарце і на машыне таксама не рэкамендавалі, бо маглі разысціся швы на воку. Але сябры прыязджалі, і мы проста гулялі.
З часам я зразумеў, што мне ў нейкай ступені не хапае адрэналіну ў жыцці. То-бок бывалі перыяды, калі хацелася адчуць жыццё: схадзіць на тусоўку, скокнуць з тарзанкай, з парашутам, зрабіць нешта на мяжы, каб былі ўсплёскі адрэналіну, — усё гэта было.
З часам я зразумеў, што гэта ўзаемазвязана, гэта адбітак перажытага. То-бок мне хацелася, як любяць казаць адрэналінавыя наркаманы, адчуваць жыццё, смакі і эмоцыі.
Але з часам гэта супакоілася, цяпер узнікае хвалямі. Зноў жа, мне не 17, а хутка будзе 31. То-бок я да гэтага ўсяго падыходжу больш рацыянальна, чым у юнацтве.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.