Апытанне: У свеце Расію не любяць больш за ЗША
Pew Research Center правёў апытанне сярод 45 тысяч чалавек у 40 краінах. Стаўленне да Расіі апынулася горшым, чым меркавалася.
У свеце пераважае негатыўнае стаўленне да Расіі, і да яе лідэра Уладзіміра Пуціна. Пра гэта сведчаць вынікі даследавання амерыканскай незалежнай сацыялагічнай кампаніі Pew Research Center, апублікаваныя 5 жніўня.
Паводле іх, часцей за ўсё пра Расію негатыўна выказваюцца жыхары Польшчы і Іарданіі (80% з ліку апытаных). Антырасійская пазіцыя моцная таксама ў Ізраілі (74%), Японіі (73%), Германіі (70%) і Францыі (70%).
У сваю чаргу, 30% апытаных у 39 краінах свету ўспрымаюць Расію станоўча. Найбольш моцная падтрымка Расіі ў В’етнаме (75%), Гане (56%) і Кітаі (51%).
Вынікі даследавання таксама сведчаць, што ў свеце Расію ўспрымаюць горш за ЗША. Напрыклад, у Еўропе пра ЗША станоўча адгукаюцца 69% жыхароў, а пра Расію — толькі 26%. У краінах Афрыкі ЗША падтрымліваюць 79% апытаных, а Расію — 37%. І толькі ў краінах Блізкага Усходу гэтыя дзяржавы ўспрымаюцца аднолькава негатыўна — толькі 29% апытаных станоўча ацэньваюць ЗША і 25% — Расію.
Уладзіміра Пуціна ацэньваюць у свеце значна горш, чым краіну, дзе ён з’яўляецца прэзідэнтам, і нават горш, чым Барака Абаму. Калі ў Расіі да прэзідэнта пазітыўна ставяцца 88% апытаных, то ў астатніх 39 краінах-удзельніцах апытання такую пазіцыю займаюць 24% жыхароў. Больш за ўсё крытыкаў расійскага прэзідэнта ў Іспаніі (92% дэкларуюць адсутнасць даверу да Пуціна), Польшчы (87%), Францыі (85%) і Украіне (84%).
У Беларусі гэтае апытанне не праводзілася.
Фота: REUTERS