Аператыўнікам дазволілі таемна збіраць звесткі пра меркаваных інтэрнэт-злачынцаў

10 снежня Палата прадстаўнікоў прагаласавала ў другім чытанні за закон, які дазваляе аператыўнікам выкарыстоўваць сродкі таемнайга збору інфармацыі, піша TUT.by.
Гэта першае карэктаванне закона "Аб аператыўна-вышуковай дзейнасці", прынятага ў 2015 годзе.
У папраўках уводзіцца новы панятак "камп'ютарная інфармацыя". Аператыўнікам, якія займаюцца вышукам, дазволілі выкарыстоўваць сродкі "таемнага атрымання і фіксавання інфармацыі, у тым ліку з дапамогай спецыялізаванага праграмнага забеспячэння". Ініцыятары законапраекта патлумачылі, што без гэтага вельмі складана процідзейнічаць злачынствам у інтэрнэце.
У адпаведнасці з законам сродкамі сакрэтнага атрымання (фіксацыі) інфармацыі будуць лічыцца тэхнічныя сродкі, абсталяванне, апаратура, прыборы, прыстасаванні, прэпараты, праграмныя прадукты ды іншыя вырабы, спецыяльна створаныя, распрацаваныя, запраграмаваныя або мадэрнізаваныя для сакрэтнага атрымання інфармацыі расследавання.
Па словах начальніка галоўнага ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці крымінальнай міліцыі МУС палкоўніка Андрэя Кавалёва, такі збор інфармацыі будзе весціся толькі з санкцыі пракурора. "Незаконна атрыманыя звесткі доказам не з'яўляюцца", — кажа ён.
У МУС кажуць, што змены ў закон выкліканыя тым, што на сёння ў свеце самы распаўсюджаны від злачынстваў — махлярства ў інтэрнэце.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.