Дэтэктыў пра падзеі 2020 года і рэпрэсіі прызналі "экстрэмісцкім"

"Забойства на вулiцы Макаёнка" / "Наша Ніва"
У Беларусі "экстрэмісцкай" прызналі чарговую мастацкую кнігу. Гэта дэтэктыў "Забойства на вуліцы Макаёнка", аўтар якога схаваўся за псеўданімам Клёк Штучны. Адпаведнае рашэнне прыняў суд Кастрычніцкага раёну Мінска 23 траўня, заўважыў праваабарончы цэнтр "Вясна".
Кніга была выдадзеная ў Варшаве выдавецтвам "Янушкевіч" у 2024 годзе. У мастацкім творы абыгрываюцца падзеі беларускіх пратэстаў 2020 года і рэпрэсіі пасля іх.
Апісанне кнігі гучыць так:
"У задушлівым, прыціснутым рэпрэсіямі Менску ўзору 2022 года, з пустымі афішнымі тумбамі і поўнымі аўтазакамі, закрытую суполку — Гільдыю гарадскіх варʼятаў — абляцела жудасная навіна: за вакзалам дзіцячай чыгункі пякельным механізмам задушаная Жанна Танцэн, багемны матылёк і ўдзельніца масавых маніфестацый часоў рэвалюцыі 2020-га. Зламысная сіла невядомага паходжання падбіраецца таксама да іншай гарадской легенды — вулічнай спявачкі Камароўскай Прымадонны.
Менская міліцыя, занятая паляваннем на палітычных, здае загадкавае забойства ў архіў. За справу бярэцца менскі клан Пісьменных — сумнеўны ранцье і безнадзейны халасцяк Якуб Пісьменны, яго пранырлівы кансільеры Аркадзь Табібулаеў, а таксама яго мёртвая бабка Ханя Пісьменная, якая пры жыцці была імпрэсарыа ці не ўсіх гарадскіх варʼятаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.