Стала вядома імя аднаго з катаў паэта Міхася Чарота

Паэт Міхась Чарот (злева) і адзін з яго катаў Віктар Быхоўскі (справа) / Коллаж Euroradio
Ураджэнец Бабруйска Віктар Эмануілавіч Быхоўскі вёў справу беларускага паэта Міхася Чарота. Пра гэта піша канал “Беларускі інстытут публічнай гісторыі”.
Падчас Вялікага тэрору ў 1937–1938 гадах Быхоўскі ўзначальваў сакрэтна-палітычны аддзел НКУС БССР, які займаўся беларускімі нацыяналістамі.
У адным з дакументаў у Архіве актаў новых запісана, што менавіта Быхоўскі “вёў справы на беларускага паэта Чарота і атрымліваў паказанні на "ворагаў народа", былых беларускіх нацыяналістаў і ўдзельнікаў антысавецкай змовы”.
Адзін з калегаў ахарактарызаваў Быхоўскага “як садыста і ліпача, здольнага сфабрыкаваць любую справу”. За катаванні арыштаваных і фальсіфікацыі спраў у 1939 годзе ён сам быў асуджаны на 10 гадоў лагераў.
Міхася Чарота арыштавалі 24 студзеня 1937 года. Пасля шматлікіх допытаў і катаванняў ён прызнаў віну.
Паэта расстралялі ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года разам з іншымі прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі.
У яго камеры пазней на сцяне знайшлі апошні верш паэта:
“Мяне заціснулі за краты.
Я прысягаю вам, сябры,
Мае палі, Мае бары,
— Кажу вам — я не вінаваты!”
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.