Стартапер заявіў пра ўзлом платформы "Новая Беларусь", Лібер пракаментаваў

Аляксей Бурбіцкі / скрын з відэа
Малады стартапер заяўляе, што была ўзламаная платформа "Новая Беларусь", і "ўсе даныя карыстальнікаў былі скапіяваныя". Распрацоўшчык НБ Павел Лібер адказвае: большасць карыстаецца сэрвісам ананімна, а ў астатніх ён не просіць нічога, акрамя e-mail.
Таму скрыншоты з персанальнымі данымі, якія нібыта належаць карыстальнікам "Новай Беларусі", "вядома, прыгожыя, але несапраўдныя".
Расказ Аляксея Бурбіцкага пра ўзлом "Новай Беларусі" падхапілі і "Жоўтыя злівы", і "народны рэпарцёр" Сяргей Пятрухін. Хлопец кажа, што з 2024 года на аўтсорсе працаваў у камандзе Паўла Лібера. У студзені 2025 года распрацоўшчыкі нібыта атрымалі ліст ад хакераў — тыя прасілі 1 біткоін за "ўзнаўленне доступу".
Лібер сцвярджае, што Бурбіцкі ніколі не працаваў над "Новай Беларуссю", а гісторыя пра зліў даных карыстальнікаў — фэйк. На гэта ўказваюць і некаторыя дэталі. Напрыклад, лінк на базу даных, што ўцякла, не працуе.
Бурбіцкі чытае свой тэкст з экрана і, відавочна, бачыць яго ў першы раз. Ён робіць паўзы там, дзе яны непатрэбныя, збіваецца, а ў слове "дэмсілы" ставіць націск на першы склад: "не портить репутацию дЕмсил".
Звяртае ўвагу і пазнавальны стыль, у якім напісаны тэкст: "Павел, скорее всего, посоветовавшись с офисом и своими кураторами..."
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.