“Ваша “піянерка” ў эміграцыі — бясцэнная”: польскі дысідэнт пра беларусаў

Яраслаў Халадэцкі / Еўрарадыё
— Тады мы выязджалі назаўсёды, а сёння вы выязджаеце на хвіліну. Бо справы робяцца так хутка, што ніхто не верыць у тое, што нешта бывае назаўсёды. Сёння няма нічога назаўсёды. Усё на хвіліну. Таму свабода таксама будзе праз хвіліну. Альбо несвабода, — перакананы польскі бізнесоўца і энтузіяст Яраслаў Халадэцкі.
Мы размаўляем і п’ем каву ў рэстаўрацыі самага незвычайнага гатэля Варшавы — Chopin Boutique, які спалучае ў сабе экалагічнасць і эстэтыку пачатку XX стагоддзя. Гатэль — жарсць і справа цяперашняга жыцця пана Яраслава.
Халадэцкі — актывіст польскай “Салідарнасці”. Палітзняволены. Палітэмігрант. У 1980-м, ён — эканаміст па адукацыі, — стаў адным з лідараў прафсаюзу рэгіёну Апольскай Сілезіі.
— Не магу сказаць, што людзі тады лезлі ў палітыку. Гэта цяпер палітыка звязаная з карысцю. А тады яе прэстыж быў сумнеўны, а замест карысці былі хутчэй страты. То бок, гэта розныя разлікі, дзеля якіх мы ішлі ў палітыку тады і ідзем цяпер. І мяне гэта моцна вабіла. Мяне цікавілі змены, змены грамадства, у якіх “Салідарнасць” была выдатнай нагодай для выкліку, — расказвае пан Яраслаў.
Яраслава Халадэцкага інтэрнавалі ў 1981-м — то бок, закрылі ў Цэнтры ізаляцыі праз нібыта небяспеку для грамадства. Разам з ім — яшчэ 10 тысяч палякаў, якія хацелі перамен. У 1983-м, пасля выйсця з турмы, пан Яраслаў з жонкай і дзецьмі пакінуў радзіму. Ён кажа, што на той час сітуацыя ў краіне выгядала безнадзейнай, таму Халадэцкія былі перакананыя, што выязджаюць назаўсёды.
Але “назаўсёды” не здарылася. Пан Яраслаў вярнуўся дадому праз 14 гадоў эміграцыі. Вярнуўся, бо польскія справы, якімі ён займаўся ў Чыкага — а гэта праца ў эмігрантскіх медыя і кіраванне Польска-амерыканскім эканамічным форумам — пасля падзення камуністычнага рэжыму ў 1989 годзе перасталі быць актуальнымі. Адыграў ролю і канфлікт паміж старой і новай апазіцыяй.
— Рамантычнае бачанне старой эміграцыі Польшчы зводзілася да свята. Свята ў выглядзе кракаўскага адзення, песень, гуральскіх танцаў — сутнасць была ў гэтым. Маўляў, нядзельная школа, агульныя акадэміі, маніфесты сведчаць пра тое, што мы паходзім з пэўнай зямлі, што з ёй нас аб’ядноўвае нешта агульнае, эмацыйнае. Аднак у палітыцы мы зусім не разбіраемся і не займаемся ёю. Ведаем, што цяперашняя ўлада не добрая, але мы не ўяўляем, як яе змяніць. А ў нас у той час была ідэя, як гэта змяніць. Уся гэтая “народнасць” нас не цікавіла. Нас больш цікавіла істотная справа — у якім кірунку развіваецца краіна і якой яна будзе, якія людзі будуць ёй кіраваць. Гэта было важна, — тлумачыць Халадэцкі.

Сведкі Беларусі
Праблемы, з якімі беларусы цяпер сутыкаюцца ў эміграцыі, існавалі і 40 гадоў таму. Паміж палякамі таксама быў падзел на тых, хто з’ехаў і хто застаўся. Пан Яраслаў мяркуе, што беларускія эмігранты робяць важную справу для будучыні — набліжаюць Беларусь да цывілізаванага свету. Але папярэджвае, што ўнутраныя справы краіны — гэта куды больш складана, чым знешнія.
— Матывы эміграцыі і неэміграцыі былі рознымі, і іх трактоўка таксама была рознай. Сяброўства, разарванае эміграцыяй, было балючым для абодвух бакоў. Я вельмі шкадую, што многія мае калегі, якія засталіся і для якіх я, напэўна, быў важным, з якімі мы сябравалі і разам сядзелі ў турме, маюць да мяне прэтэнзіі. Дагэтуль. Адзін з іх наўпрост кажа: “Слухай, усё развалілася, таму што ты з'ехаў”.
Лічу, што сёння ўсё крыху інакш, чым тады. Тады з’язджалася, як я ўжо казаў, назаўжды. Сёння выязджаецца на хвіліну. У сувязі з тым падазраю, што стаўленне да тых, хто з'язджае, не мусіць быць такім, як тады да нас. Таму што абмен думкамі цяпер больш інтэнсіўны і наўрад ці людзі, якіх вы пакінулі ў Беларусі, разумеюць, што вы робіце. А вы робіце вельмі важную справу — сведчыце. Без вашай прысутнасці тут цяжка было б уявіць Беларусь. А беларуская справа жывая, заўважная. Тут, у Варшаве, беларускае жыццё вельмі бачнае. Маеце столькі рэстаўрацый, клубаў, месцаў для спатканняў! Тут функцыянуе столькі беларускіх бізнесаў, якія вы сюды перавезлі і якія палякі ўспрымаюць як шанцы для Варшавы! Гэта ўсе набліжае Беларусь да Еўропы больш, чым тыя, хто застаўся ў Беларусі, сабе ўяўляюць.
Узгадаю часы Вялікай польскай эміграцыі. Пасля лістападаўскага паўстання Польшчу пакінулі каля 50 тысяч. Былі сярод іх і беларусы. Выехалі ў Францыю. Францыя наогул не ведала, што рабіць з той масай эмігрантаў. Але калі б не гэтая хваля, калі б не эмігранты — уяўленне пра тое, хто такія палякі і што такое Польшча было б невымерна меншым. Невымерна. Гэта былі асветніцкія польскія колы. Напэўна, як і ў вашым выпадку, з’ехалі людзі, якія змаглі арганізавацца. Калі б ні Шапэн, ні Міцкевіч, ні Чартарыйскі, які купіў гатэль “Ламберт” у самым цэнтры Парыжа, уяўленне пра тое, што такое Польшча і якія яе памкненні, было б іншым. Бо гэта надзвычай важна для вонкавых назіральнікаў — якія памкненні гэтай краіны? Яна можа стварыць толькі адзін інтэрнет-праект пад назвай World of Tanks ці можа зрабіць больш? Сёння людзі і краіны ацэньваюцца праз тое, як яны функцыянуюць у гэтым глабальным падзеле кампетэнцый, ці разумеюць сучаснасць ці не.
Калі б Пані спытала ў мяне парады — я б не моцна хваляваўся, таму што гэта вельмі суб'ектыўныя пачуцці, з якімі няварта змагацца. Няварта некага пераконваць, што, слухай, я раблю нешта важнае, сараюся быць непахісным, страюся рабіць тое, што вы не можаце. Стараюся гэта рабіць лепш, чым вы, таму што аб'ектыўна маю больш магчымасцяў, чым вы, бо карыстаюся свабодай, а ў вас гэтай свабоды няма. Так што давайце паважаць адзін аднаго. Я раблю сваю справу, а ты магчыма, калі-небудзь зразумееш, наколькі важным было тое, што я тут раблю. Цікава было, што калі скончылася польская вымушаная эміграцыя — бо Польшча стала свабоднай краінай і можна было вярнуцца, — я пытаўся ў многіх сваіх калег, якія наведвалі мяне ў ЗША: “Паслухайце, можа прыйшоў час вяртацца?” А яны, паглядзеўшы, што я там раблю і, напэўна, пад уплывам убачанага, казалі: “Застанься. Тое, што тут робіш, надзвычай важнае для нас”. Я б вярнуўся раней, калі б не такія заявы.
Такім чынам, гэтыя ролі могуць быць аднолькава важнымі для справы. Для справы свабоды. У нашым выпадку — адзінства. Ну і хіба цывілізацыйнага прагрэсу. Бо тое, што мяне найбольш раздражняла ў выпадку Польшчы — гэта некарыстанне ўсімі шанцамі, якія дае ўваход у новую эру. Я лічыў, што Польшча ў гэтым не ўдзельнічае, што мы — скансен свету.
Падазраю, што першай рэччу, якая вам прыдасца пасля атрымання незалежнасці, — будзе наладжванне жывых адносін са светам і з Еўропай — так, як гэта цяпер робяць украінцы, якія мараць пра тое, каб як найхутчэй увайсці ў ЕС. А як увайсці ў ЕС — дапасоўвацца да ўсіх норм і правіл, усталяваных уніяй?! Хто цяпер у Беларусі ведае пра тыя нормы і правілы, хто яе да іх дапасоўвае? Ніхто, бо немагчыма. А вы можаце прыглядацца, як функцыянуе Польшча, якая, на шчасце, ужо 20 гадоў як у Еўрасаюзе, і якая на гэты момант мае шмат чаго прапанаваць і чым пахваліцца. Гэта і зніжэнне карупцыі, і павышэнне якасці сацыяльных паслуг, і тое, што мы сталі нашмат больш талерантнымі, чым былі, і гэтак далей. І гэта ўсё разам — уплыў блізкасці еўрапейскіх ідэй. Але не канкурэнцыя ім, а пазіцыянаванне як сваіх — што гэта частка нас, што мы — гэта ЕС. Гэта не так, што Еўрасаюз нам нешта навязвае. Не. Мы — гэта ЕС, мы навязваем, таму што разумеем, што ў гэтым вялікім агульным арганізме будзе лепш, калі мы разам будзем дбаць пра паляпшэнне жыцця — у гэтым і ёсць правы чалавека. Таму ваша “піянерка”, якую выконваеце цяпер, — бясцэнная.

Воля як пачатак далікатнасцяў
Ці сёння Польшча — гэта тая краіна, за якую Пан змагаўся ў 80-я гады?
— Для замежнай аўдыторыі магу сказаць, што гэта краіна, за якую змагаўся. Аднак я дагэтуль за яе змагаюся, бо барацьба не заканчваецца ў момант, калі дасягаеш нейкай мэты. Мэты немагчыма дасягнуць. Можа быць нейкі этап, да якога даходзім. Напрыклад, свабода. Але каб тая свабода была добра ўпарадкавана, то трэба адпаведна ўсё арганізаваць у той вольнай краіне. Ці добра мы арганізавалі? Мы дагэтуль арганізоўваем. У нас яшчэ няма таго, чаго б мы хацелі. У нас няма грамадзянскай супольнасці. Тыя, хто намі кіруе, пакуль не разумеюць, што такое грамадзянская супольнасць, як збудаваць адносіны паміж грамадствам і ўладай, на што могуць спадзявацца грамадзяне, абраўшы сабе кіраўнікоў і гэтак далей. Мы дагэтуль арганізоўваемся. Не ведаю, ці некалі арганізуемся. Напэўна, не. Але мне падаецца, што будзе лепш, чым горш.
Вы не маеце тых праблемаў, якія маюць украінцы. Бо ўкраінцы маюць праблему Другой сусветнай вайны — калабарацыі, хоць і нефармальнай, з немцамі. Той недаабмеркаванай справы Валыні, у якую мы, палякі, ідыятычна гуляем. Але эмоцыі мацнейшыя за здаровы сэнс. Мы з’яўляемся страшна ўразлівымі істотамі. І там, дзе гінуць людзі, мы ўзгадваем пра Валынь, якая мела месца 80 гадоў таму.
Польска-беларускія адносіны, на шчасце, не такія, як польска-украінскія ці польска-літоўскія. Бо польска-літоўскія праз польскія паводзіны пасля Другой сусветнай вайны марныя дагэтуль — не можам дараваць літоцам захоп Вільні. Гэта нармальна, але гэта недзе глыбока ў нас сядзіць. І палякі найчасцей абсалютна гэтага не разумеюць: “А чаму літоўцы нас не любяць? Мы ж разам былі ў адной краіне цягам стагоддзяў — павінны нас любіць”. Не мусяць! Шлюбныя пары распадаюцца і перастаюць адно аднаго кахаць, і літоўцы таксама перасталі нас кахаць — не маюць нагоды. Таму ў выпадку з Беларуссю хіба няма таго, што моцна дзеліць. І я лічу, што гэта добры збег акалічнасцяў. Спадзяюся, што аднойчы будзем добрымі суседзямі. Але гэта залежыць ад таго, як доўга Пуцін будзе ва ўладзе.
Да таго ж звычайна нашы ўнутраныя справы аказваюцца больш складанымі за справы знешнія. Праўда. Убачыце, як скончыцца вайна — колькі будзе розных складаных рэчаў. Лукашэнка — тут ёсць згода: усе лічаць яго кепскім чалавекам. Але таго кепскага чалавека не будзе ці ён перастане быць важным — і пачнуцца розныя далікатнасці. Хто важнейшы? У каго большыя заслугі? Каму больш належыць?
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.