Пракуратура Варшавы шукае беларуса за забойства полькі
Эрык Пятроў / East News/Aliaksandr Valodzin/Prokuratura Okręgowa w Warszawie
Па падазрэнні ў забойстве акруговая пракуратура Варшавы абвясціла ў вышук 33-гадовага грамадзяніна Беларусі Эрыка Пятрова. Пасля шматмесячнага расследавання было ўстаноўлена, што менавіта ён з'яўляецца вінаватым у забойстве Ізабелы Р.-Х., піша interia.pl.
Забойства маладой бухгалтаркі Ізабелы Р.-Х. адбылося 16 кастрычніка 2023 года ў адным з варшаўскіх гатэляў. Яе цела знайшлі ў нумары праз два дні. Жанчына была задушаная пятлёй.
Паведамляецца, што Пятроў у кастрычніку 2023 года павінен быў пакінуць Польшчу. Цяпер ён можа знаходзіцца ў Беларусі.
Яму пагражае пакаранне ад 10 гадоў пазбаўлення волі да пажыццёвага зняволення.