Бот для запісу на польскую візу прадаюць праз "Куфар"

Віза, ілюстрацыйнае фота

Віза, ілюстрацыйнае фота / migratop.com

На сайце "Куфар" з'явіліся абвесткі аб продажы гатовых электронных ботаў, з дапамогай якіх можна заняць свабодныя слоты для запісу на падачу дакументаў для польскай візы. Купіць бот для запісу можна за 900 рублёў.

Абвесткі ў раздзеле "Гатовы бізнэс" выклаў карыстальнік пад імем Валерый. Дарэчы, у сакавіку гатовы бот каштаваў 800 рублёў, а цяпер падаражэў на сотню.

Аналагічная абвестка з'явілася і на "Барахолцы Onliner". Там карыстальнік пад нікам валера2901 прадаваў гатовы бот у лістападзе 2024 года. Ён абяцаў акупнасць за тры-чатыры месяцы. "Падтрымка праграміста без даплат, магчымая здача бота ў арэнду", — пісаў валера2901.

Як заўважыла выданне hrodna.life, геалакацыя абедзвюх абвестак — Гродна і Гродзенская вобласць.

Цяпер беларусы гатовыя плаціць ад 400 рублёў за дапамогу ў рэгістрацыі на візы. Таму пакупнік тэарэтычна мог бы акупіць укладанні з двух першых кліентаў.

Атрымаць польскую візу ў Беларусі становіцца ўсё больш складана. За апошнія чатыры гады рэзка скараціўся штат консульскіх супрацоўнікаў у Мінску, Брэсце і Гродне. Адпаведна, менш сталі прымаць і візавых анкет.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.