Асабняк у Драздах, дарагая машына і жыццё ў ЗША. Чым вядомая Наталля Пяткевіч

Такая розная Наталля Пяткевич / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
— У маім жыцці мала матэрыяльных рэчаў, якія выклікаюць эмацыйны ўздым, і адна з іх — Mercedes Gelandewagen. Калі я бачу гэтую машыну, у мяне прабягаюць мурашкі. Гэта не сон, гэта эмоцыя, — распавядала Наталля Пяткевіч у адным са сваіх старых інтэрв'ю.
Часта абмяркоўваюць і стыль Пяткевіч: яна любіць модныя брэнды і вельми вылучаецца сярод іншых чыноўніц. А што яшчэ вядома з біяграфіі вернай памочніцы Лукашэнкі, якую 22 траўня прызначылі віцэ-прэм'ерам, які адказвае за сацыяльныя пытанні?
Нарадзілася ў сям'і "мінчаніна года"
Нарадзілася ў Мінску 24 кастрычніка 1972 года ў сям'і кіраўніка стаматалагічнай паліклінікі Уладзіміра Краўчанкі. У 2010 годзе бацька Наталлі быў прызнаны "мінчанінам года".
Абараніла дысертацыю
У 1994 годзе Наталля Пяткевіч скончыла юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1999 — кандыдат юрыдычных навук, абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму "Знешнеэканамічныя пагадненні (прававыя аспекты)".
Галавакружная кар'ера
22 мая 2025 года Наталлю Пяткевіч прызначылі намеснікам прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь. Прызначэнню папярэднічаў доўгі шлях ва ўладзе.
Пасля заканчэння юрыдычнага факультэта Наталля працавала вядучым спецыялістам, затым — начальнікам упраўлення дзяржаўнага і міжнароднага права Галоўнага дзяржаўнага прававога ўпраўлення прэзідэнцкай адміністрацыі. У 2001 годзе стала прэс-сакратаром Аляксандра Лукашэнкі, у 2004 — намеснікам кіраўніка АП.

9 студзеня 2009 года Пяткевіч прызначылі першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Гэтую пасаду яна займала да 28 снежня 2010 года.
Працавала памочніцай Аляксандра Лукашэнкі. 1 кастрычніка 2014 года Лукашэнка распарадзіўся вызваліць Наталлю Пяткевіч ад гэтай пасады.
27 чэрвеня 2024 года прызначаная першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Цікавы факт:
Наталля Пяткевіч займала пасаду намесніка старшыні Беларускага рэспубліканскага саюза юрыстаў, а таксама была старшынёй Беларускага лыжнага Саюза.
— У той час "усемагутная" Пяткевіч не магла знайсці грошай, каб адправіць спартоўцаў на зборы. У выніку, ёй давялося прасіць іх у тых, на каго яшчэ ўчора яна глядзела з лёгкай пагардай. Вось такія яны, амерыканскія горкі беларускай палітыкі, — успамінае гэты час галоўны рэдактар стрымінгавай платформы Belarus Tomorrow Павел Свярдлоў.

Любоў да вялікіх машын і асабняк у Драздах
Пяткевіч атрымала асабняк у Драздах плошчай каля 350 м2 па суседстве з экс-міністрам інфармацыі Алегам Праляскоўскім і протаіерэем Фёдарам Поўным, якога часам называюць духоўнікам Лукашэнкі.
У адным з інтэрв'ю Пяткевіч распавядала, што любіць вялікія машыны, таму што яны такія ж зручныя, як, напрыклад, вялікія рабочыя сталы.
Прыватнае жыццё
Першым мужам чыноўніцы быў Уладзіслаў Пяткевіч, але пра той шлюб амаль нічога не вядома.
27 сакавіка 2009 года выйшла замуж за Аляксандра Мартыненку, які займаў пасаду намесніка старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі і курыраваў конкурс "Еўрафэст" і нацадбор на "Еўрабачанне".
Як пісалі ў прэсе, "развод адбыўся гэтак жа ціха, як і вяселле".
У 2018 годзе Пяткевіч выйшла замуж за дыпламата Валянціна Рыбакова, пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры ААН.
Ад першага шлюбу ў Наталлі ёсць сын — Філіп Пяткевіч, які атрымліваў адукацыю ў ЗША.

Элегантна абыйшла санкцыі
У 2006 годзе за ўдзел у падтасоўцы вынікаў прэзідэнцкіх выбараў ЗША і Еўразвяз унеслі Наталлю Пяткевіч у санкцыйныя спісы — выезд у гэтыя краіны быў забаронены.
Тым не менш, праз час Наталля Пяткевіч адправілася ў ЗША ўслед за мужам-дыпламатам, дзе пражыла шэсць гадоў (калі ты жонка кіраўніка беларускага прадстаўніцтва пры ААН, табе можна крыху больш, чым іншым людзям).
Затым сям'я вярнулася ў Беларусь, А Пяткевіч вярнулася ў палітыку, стаўшы намеснікам кіраўніка лукашэнкаўскай адміністрацыі. А цяпер — і віцэ-прэм'еркай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.