Стала вядомае імя каханка Мельнікавай з беларускіх спецслужбаў — СМІ

Аляксей Лабееў (Гардзееў) / Insider
Патаемным каханкам зніклай спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай быў 32-гадовы Аляксей Лабееў, супрацоўнік беларускіх спецслужбаў. Ён карыстаўся пашпартам на імя Аляксея Гардзеева. Гэта вынік расследавання польскага часопіса "Polityka" ды Insider пры дапамозе БРЦ і "Байпола".
Як піша Insider, сустракацца яны пачалі не пазней за 2023 год. Прынамсі з 26 жніўня па 5 верасня яны ўжо разам ляталі на Кубу. Паведамляецца, што Лабееў планаваў ляцець на Кубу разам з Анжалікай з Масквы. Сама беларуская палітуцякачка, верагодна, не рызыкнула ляцець праз Расію і адправілася туды з Еўропы. Але па купленых квітках з Масквы на Кубу і назад, як выявілі журналісты, лятала яе мама, Аксана Саўчанка.
Таксама журналісты выявілі, што Лабееў лятаў на Шры-Ланку з 16 па 21 студзеня 2024 года, акурат у тыя ж дні там была і Мельнікава. Менавіта тады ён зрабіў ёй прапанову шлюбу і падарыў пярсцёнак.
Паведамляецца, што Лабееў нарадзіўся ў сям'і беларускага вайскоўца ў 1993 годзе і скончыў ваенны факультэт БДУ. Ён быў непублічнай персонай і "засвяціўся" за апошнія гады толькі аднойчы на мерапрыемстве з удзелам беларускіх вайскоўцаў у ваенным шпіталі ў Гродне ў 2019 годзе. На адным з ім фатаздымку апынуўся тагачасны кіраўнік ГРУ Беларусі Руслан Касыгін.
У сваім старым акаўнце "Вконтакте" малады чалавек пазначыў, што скончыў Новасібірскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт. Аднак невядома, ці сапраўды ён там вучыўся: у яго акаўнце няма сяброў з Новасібірска.
Таксама журналісты выявілі, што ў 2017 годзе Лабееў ажаніўся з выпускніцай БДУ Марынай Міхнавец. На фатаздымках з вяселля ў яго пабачылі сяброў Артура Грыгарана і Анатоля Жалнова — вайскоўцаў з таго ж факультэта. Жалноў пазней быў сфатаграфаваны ў момант, калі тагачасны кіраўнік генштаба Алег Белаконеў уручае пісталет ТТ праваслаўнаму святару.
Адзначаецца, што на ваенным факультэце БДУ рыхтуюцца кадры як для ГРУ, так і для КДБ. Дакументы прыкрыцця могуць выдаваць абодва ведамствы.
Пра знікненне Анжалікі Мельнікавай яе калегі заявілі напрыканцы сакавіка 2025 года. Пазней стала вядома, што за месяц да таго яна вылецела ў Лондан, а адтуль у Шры-Ланку. Пасля гэтага выявілася, што перад знікненнем Мельнікава зняла (сама ці пад ціскам) каля 150 тысяч долараў з рахунку фонду, якім кіравала. У Польшчы праваахоўнікі пачалі крымінальную справу па факце яе знікнення.




Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.