Белчыгунка аддае ў МУС аздараўленчы цэнтр "Талька" — Супольнасць чыгуначнікаў

Аздараўленчы цэнтр "Талька" Беларускай чыгункі / minsk.rw.by
Беларуская чыгунка пазбаўляецца ўласнасці. Дзеля аптымізацыі выдаткаў вырашана пазбавіцца ад "няпрофільных відаў дзейнасці".
У рамках гэтай праграмы, як заўважыла Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі, на працягу гэтага года БЧ павінна перадаць у камунальную ўласнасць палац культуры чыгуначнікаў у Віцебску і спарткомплекс "Лакаматыў" у Оршы.
Акрамя таго, БЧ пазбаўляецца санаторыяў і прафілакторыяў, якія знаходзяцца на балансе арганізацыі. Гэта пяць установаў — аздараўленчы цэнтр і чатыры санаторыі. Прыярытэтным напрамкам іх працы з'яўляецца аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне работнікаў БЧ.
Паводле звестак Супольнасці чыгуначнікаў, аздараўленчы цэнтр "Талька" Мінскага аддзялення БЧ плануюць перадаць ў структуру Міністэрства ўнутраных спраў. Паводле неафіцыйнай версіі, прычынай могуць быць запазычанасці аздараўленчага цэнтра. Аднак, Супольнасць чыгуначнікаў мяркуе, што чыгунка магла б пакрыць запазычанасці. Пагатоў, МУС не тая структура, у якой ёсць уласныя сродкі на "выкуп арганізацыі-даўжніка". Выглядае, што "Тальку" проста адбіраюць сілавікі.
Таксама паведамляецца, што БЧ скарачае білетных касіраў на маладзейных участках (станцыях і прыпыначных пунктах). Іх працу мяркуецца перакласці на плечы білетных касіраў 4-га разраду (раз'язных) у цягніках.
Яшчэ адна мера эканоміі на БЧ — скарачэнне прэміяльных выплат да... 0%. "Пры гэтым ёсць такая катэгорыя работнікаў, у якіх прэміяльныя выплаты да заработнай платы складаюць яе асноўную частку", — адзначаюць у Супольнасці чыгуначнікаў. Паводле іх, практычна на адным акладзе застаўся працаваць дыспетчарскі персанал цэнтра кіравання перавозкамі (ЦКП) службы перавозак (Д).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.