Аператар энергасетак Іспаніі выключыў кібератаку са спісу прычын блэкаута

Што гэта было? / Reuters
Іспанскі аператар электрасетак REE выключыў кібератаку са спісу магчымых прычын блэкаута, які 28 красавіка закрануў значную частку Іспаніі і Партугаліі, паведамляе Reuters.
— За некалькі хвілін да адключэння сістэма працавала стабільна, аднак затым на паўднёвым захадзе Іспаніі адбылося зніжэнне генерацыі, што прывяло да нестабільнасці, — паведаміла кампанія REE 29 красавіка.
— У пяцісекундны інтэрвал умовы сталі несумяшчальныя з магчымасцямі сістэмы электразабеспячэння, што выклікала парушэнне міжсістэмных злучэнняў з Францыяй, — падкрэслілі ў кампаніі.
Кіраўнік падраздзялення сістэмных аперацый REE Эдуарда Прыета заявіў, што стабільная падача электраэнергіі паступова аднаўляецца.

Прычына маштабнага адключэння пакуль дакладна не ўстаноўлена. REN паведамляе пра “рэдкую атмасферную з’яву” як пра магчымую прычыну. Іспанская медыякампанія RTVE, у сваю чаргу, піша пра магчымую сувязь з пажарам на паўднёвым захадзе Францыі.
Сярод іншых версій, што з’яўляюцца ў СМІ, — маштабная кібератака.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.