“Экспірыенс цікавы” — як беларусы ў Партугаліі і Іспаніі перажылі блэкаут

Крама ў Барселоне / REUTERS
Электразабеспячэнне ў Іспаніі практычна цалкам адноўлена пасля масавага блэкауту — на 99,95%, паведамляе аператар электрасетак Red Eléctrica. У Партугаліі аператар REN паведаміў, што на 22:00 28 красавіка электрычнасць была пададзена на 85 з 89 падстанцый, да сеткі падключылі 2,5 мільёна чалавек.
Прычына маштабнага адключэння пакуль дакладна не вызначана. REN паведамляе пра «рэдкую атмасферную з’яву» як магчымы фактар. Іспанская медыякампанія RTVE, у сваю чаргу, піша пра магчымую сувязь з пажарам на паўднёва-захадзе Францыі. Сярод іншых версій, якія фігуруюць у СМІ, — маштабная кібератака.
Еўрарадыё спытала двух беларусаў пра іх досвед блэкаута ў Партугаліі і Іспаніі.
“Сядзелі ў кафэ і пілі піўко”
Чытач Еўрарадыё Арцём (імя заменена), які жыве ў Партугаліі, падзяліўся, што ў ягоным горадзе электрычнасць вярнулася каля дзясятай гадзіны ночы.
“Экспірыенс цікавы. Я ўчора праходзіў па горадзе — працавалі некалькі буйных сеткавых крамаў, у якіх былі свае генератары. Людзі, як дурныя, скуплялі ўсё з паліц. Гіганцкія чэргі. А іншая частка сядзела ў кафэ і піла піўко з відам на акіян”, — распавядае Арцём.

Мужчына кажа, што ўдзень адключылася нават мабільная сувязь.
“Асабіста ў мяне нічога не працавала. І адзінай крыніцай інфармацыі стала радыё — на батарэйках або ў машыне. Сусед увечары сядзеў на вуліцы і слухаў мясцовыя навіны”, — дзеліцца беларус.
“Я ўжо і сам падумаў, што на Польшчу напалі”
Іншы беларус Яўген (імя заменена), які жыве ў Іспаніі, распавёў, што ў ягоным горадзе святло далі ў другую гадзіну ночы. Ён таксама ўзгадаў пра ФМ-прыёмнік у старым тэлефоне, такім чынам атрымліваў свежыя навіны ўвесь дзень.
“Хаця яны ніякай карысці не неслі, на самой справе яны там шмат неслі бязглуздзіцу пра прычыны. Нейкі мясцовы адразу пусціў [тэорыю] пра кібератаку, і праз чатыры гадзіны пасля адключэння гэта была асноўная версія ва ўсіх”, — распавядае Яўген.
“Я ўжо і сам падумаў, што на Польшчу напалі. Ладна свет, не было ніякай сувязі — гэта прымусіла паверыць”.
Паводле Яўгена, сітуацыя была цяжкай, за выключэннем таго, што сеткавыя крамы былі падключаныя да рэзервовых крыніц энергіі.
“Яны працавалі да самага закрыцця і нават можна было разлічыцца карткай. Так што тут абыйшлося без хапуна”, — кажа Яўген.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.