Алега Кероля пасадзілі на 25 сутак
15 сутак актывіст атрымаў за "непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі" і 10 сутак — "за хуліганства".
Такі вырак вынес суддзя Першамайскага суда сталіцы Юрый Гарбатоўскі, перадае Радыё Свабода.
Актывіста "Альтэрнатывы" Алега Кероля затрымалі 13 траўня каля Нацыянальнай бібліятэкі. Ён расклейваў плакаты салідарнасці з раней затрыманымі актывістамі. Нагадаем, што напярэдадні і на пачатку чэмпіянату свету па хакеі па ўсёй Беларусі затрымалі каля 30 актывістаў. Паводле ж сведчання праваабарончага цэнтра "Вясна", за краты ў тыя дні трапіла каля 250 чалавек.
Працэс над Керолем пачаўся 14 траўня. У судзе супраць актывіста сведчылі амапаўцы Жарскі і Бык, якія ўказвалі зусім іншы час і месца яго затрымання. Алег Кероль хадайнічаў, каб суд праглядзеў запісы відэакамэр на месцы затрымання, а таксама на будынку Першамайскага РУУС. Суддзя ў сераду ўвечары накіраваў справу на даследаванне, а ў чацвер зранку абвясціў прысуд — 25 сутак.
Фота — svaboda.org